Читать «Населены востраў» онлайн - страница 171

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

І брыгада рушыла. Па расхлябанай, разьежджанай гусеніцамі каляіне, сьлізгаючы і хапаючыся адзін за аднаго, штрафнікі спусьціліся ў багністую лагчыну, зьвярнулі і пакрочылі прэч ад чыгункі. Тут калёну нагналі камандзіры ўзводаў. Гай пайшоў побач з Максімам, ён быў бледны, граў жаўлакамі і спачатку доўга маўчаў, хаця Зэф адразу спытаў яго, што чуваць. Лагчына паступова пашыралася, зьявіліся кусты, наперадзе замаячыў лясок. Ля бакавіны дарогі тырчаў, заваліўшыся гусеніцай у мокрую калдобіну, велізарны нязграбны танк, нейкі старажытны, зусім не падобны на патрульныя танкі берагавой аховы, — з маленькай квадратнай вежай і маленькай гарматкай. Ля танка валтузіліся панурыя людзі ў замасьленых куртках. Штрафнікі крочылі ўразброд, засунуўшы рукі ў кішэні, падняўшы жорсткія каўняры. Многія асьцярожна пазіралі па баках — ці нельга змыцца? Кусьцікі былі вельмі панадлівыя, але на схілах лагчыны маячылі праз кожныя дзьвесьце-трыста крокаў чорныя фігуры з аўтаматамі. Насустрач, ныраючы ў калдобінах, прапаўзьлі тры грузавікі-цыстэрны. Кіроўцы былі змрочныя і не глядзелі на штрафнікоў. Дождж узмацьняўся, настрой падаў. Ішлі моўчкі, пакорліва, як быдла, усё радзей азіраючыся.

— Слухай, узводны, — прабурчаў Зэф. — Няўжо нам так і не дадуць пажэрці?

Гай дастаў з кішэні акраец хлеба і сунуў яму.

— Усё, — сказаў ён. — Да самай сьмерці.

Зэф пагрузіў акраец у бараду і пачаў выразна працаваць сківіцамі. Трызьненьне нейкае, падумаў Максім. Бо ж усе ведаюць, што ідуць на верную сьмерць. І ўсё-ткі ідуць. Значыць, на што-небудзь спадзяюцца? Значыць, кожны мае нейкі плян? Так, яны ж нічога ня ведаюць пра выпраменьваньне... Кожны думае: дзе-небудзь там, па дарозе, зьвярну, выскачу з танка і прылягу, а дурні хай наступаюць... Вось з гэтага мы й пачнем змаганьне супраць правых: пра выпраменьваньне трэба пісаць улёткі, крычаць у грамадзкіх месцах, радыёстанцыі арганізоўваць... хаця прымачы дзейнічаюць толькі на дзьвюх частотах... усё роўна, урывацца ў паўзы. Не на вежы марнаваць людзей, а на контр-прапаганду... Зрэшты, усё гэта потым, потым, зараз нельга адцягвацца. Зараз трэба ўсё заўважаць. Шукаць найменшыя шчылінкі... На станцыі танкаў не было і гарматаў таксама, усюды толькі стралкі-гвардзейцы. Гэта трэба мець на ўвазе. Лагчына добрая, глыбокая, а ахову, верагодна, здымуць, як толькі мы пройдзем... Ды не, прычым тут ахова — усё пабяжыць наперад, як толькі ўключаць выпраменьвальнікі... Ён зь дзіўнай выразнасьцю ўявіў сабе, як гэта будзе. Урубаюцца выпраменьвальнікі. Танкі штрафнікоў з ровам кідаюцца наперад. За імі валяць валам армейцы. Уся прыфрантавая паласа пусьцее... Цяжка ўявіць сабе глыбіню гэтае паласы, невядомы радыус дзеяньня выпраменьвальнікаў, але ўжо два-тры кілямэтры — дакладна. У паласе глыбінёй два-тры кілямэтры не застанецца ніводнага чалавека зь яснай галавой. Акрамя мяне... Э, не, ня толькі два-тры кілямэтры. Больш. Усе стацыянарныя ўстаноўкі, усе вежы — усё будзе ўключана і, напэўна, на максымальную магутнасьць. Увесь прымежны раён сыдзе з ґлузду... Масаракш, як жа быць з Зэфам, ён жа гэтага ня вытрымае... Максім пакасіўся на рыжую бараду, якая мерна рухалася, на хмурнае бруднае хайло сусьветнай славутасьці. Нічога, вытрымае. У скрайнім выпадку давядзецца дапамагчы, хоць, баюся, будзе не да таго. І яшчэ Гай — зь яго ж вачэй нельга будзе спускаць... Так, давядзецца папрацаваць. Ладна. У рэшце рэшт у гэтым мутным віры я ўсё роўна буду поўным гаспадаром, і спыніць мяне ніхто ня зможа, ды й не захоча...