Читать «Населены востраў» онлайн - страница 172

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Прайшлі лясок, і адразу стала чуваць зьлітны гул гучнагаварыцеляў, трэск выхлапаў, раздражнёныя крыкі. Наперадзе, на пакатым травяністым схіле, што падымаўся на поўнач, стаялі ў тры рады танкі. Паміж імі бадзяліся людзі, слаіўся шызы дым. «А вось і нашыя труны!» — весела і гучна прамовіў нехта наперадзе.

— Ты паглядзі, што яны нам даюць, — сказаў Гай. — Даваенныя танкі, хлам імпэрскі, кансэрвавыя бляшанкі... Слухай, Мак, мы што ж, так і падохнем тут? Бо гэта ж пагібель верная...

— Колькі да мяжы? — спытаў Максім. — І што там наогул — за грэбнем?

— Там раўніна, — адказаў Гай. — Як стол. Мяжа кілямэтрах у трох, потым пачынаюцца пагоркі, яны цягнуцца да самой...

— Рэчкі няма?

— Няма.

— Яры?

— Н-няма... Ня памятаю. А што?

Максім злавіў яго руку, моцна сьціснуў.

— Ня падай духам, хлопча, — сказаў ён. — Усё будзе добра.

Гай з адчайнай надзеяй глядзеў на яго зьнізу ўверх. Вочы ў яго запалі, скулы абцягнула.

— Праўда? — сказаў ён. — А то ж я ніякага выйсьця ня бачу. Зброю адабралі, у танках замест снарадаў — балванкі. Кулямётаў няма. Наперадзе сьмерць, ззаду сьмерць...

— Ага! — зларадна сказаў Зэф. — Замачыў штонікі? Гэта табе не выхаванцаў па зубах пстрыкаць...

Калёна ўцягнулася ў інтэрвал паміж радамі танкаў і спынілася. Размаўляць стала цяжка. Прама на траве былі ўсталяваныя велічэзныя раструбы гучнагаварыцеляў, аксамітны магнітафонны бас вяшчаў: «Там, за грэбнем лагчыны, падступны вораг. Толькі наперад. Толькі наперад. Рычагі на сябе і — наперад. На ворага. Наперад... Там, за грэбнем лагчыны, падступны вораг... Рычагі на сябе і — наперад...» Потым голас абарваўся на паўслове, і пачаў крычаць палкоўнік. Ён стаяў на радыятары свайго ўсюдыхода, батальённыя трымалі яго за ногі.

— Жаўнеры! — крычаў палкоўнік. — Хопіць балбатаць языком! Перад вамі — вашыя танкі. Усе па машынах! Галоўным чынам, кіроўцы, бо на астатніх мне напляваць. Але ва ўсіх, хто застанецца... — Ён выцягнуў свой пісталет і паказаў усім. — Зразумела, вашывыя сьвіньні?... Панове ротныя, разьвесьці экіпажы па танках!...

Пачалася штурханіна. Палкоўнік, хістаючыся на радыятары, як жэрдка, працягваў нешта выкрыкваць, але яго ня стала чуваць, бо гучнагаварыцелі зноў пачалі даўдоніць, што наперадзе вораг і таму — рычагі на сябе. Усе штрафнікі рынуліся да трэцяга шэрагу танкаў. Пачалася бойка, у паветры замітусіліся падкаваныя чаравікі. Велізарны шэры натоўп павольна кішэў вакол танкаў задняга шэрагу. Некаторыя танкі пачалі рухацца, зь іх сыпаліся людзі. Палкоўнік зусім пасінеў ад натугі і, нарэшце, пачаў страляць па-над галовамі. Зь ляску чорным ланцугом беглі гвардзейцы.