Читать «Населены востраў» онлайн - страница 170

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Ад купкі людзей аддзялілася мехаватая фігура ў маскіровачным камбінэзоне. Гэта быў камандзір штрафной брыгады экс-палкоўнік танкавых войскаў Аніпсу, разжалаваны і пасаджаны за гандаль гаручым на чорным рынку. Паматаўшы перад сабою кіем і рвануўшы галавой, ён пачаў прамову:

— Жаўнеры!... Я не памыліўся, я зьвяртаюся да вас, як да жаўнераў, хоць усе мы — і я ў тым ліку — пакуль яшчэ дзярмо, адкіды грамадзтва... мярзотнікі і сволачы! Будзьце ўдзячныя, што вам дазваляюць сягоньня выступіць у бой. Празь некалькі гадзін амаль усе вы здохнеце, і гэта будзе добра. Але тыя з вас, падонкі, хто ацалее, зажывуць на славу. Жаўнерскі паёк, гарэлка і ўсё такое... Зараз мы пойдзем на пазыцыі, і вы сядзеце ў машыны. Справа пусьцяковая — прайсьці на гусеніцах паўтараста кілямэтраў... Танкісты з вас, як зь дзярма куля, самі ведаеце, але затое ўсё, да чаго даберацеся, — вашае. Жарыце. Гэта я вам гавару, ваш баявы таварыш Аніпсу. Дарогі назад няма, затое ёсьць дарога наперад. Хто падасца назад — спалю на месцы. Гэта асабліва тычыцца кіроўцаў... Пытаньняў няма. Бр-р-рыгада! Напра-ва! Наперад... самкніся! Дуб’ё, сараканожкі! Самкнуцца загадана! Капралы, масаракш! Куды глядзіце?... Статак! Разабрацца па чатыры... Капралы, разьбярыце гэтых сьвіньняў па чатыры! Масаракш...

З дапамогай гвардзейцаў у капралаў атрымалася пастроіць брыгаду ў калёну па чатыры, пасьля чаго зноў была пададзеная каманда «зважай». Максім апынуўся зусім недалёка ад камандзіра брыгады. Экс-палкоўнік быў ушчэнт п’яны. Ён стаяў, пагойдваючыся, абапёршыся задам на кій, раз-пораз трос галавой і паціраў далоньню акрутную шызую пысу. Камандзіры батальёнаў, таксама ўшчэнт п’яныя, трымаліся ў яго за сьпіной — адзін бессэнсоўна хіхікаў, іншы з тупой упартасьцю спрабаваў распаліць цыгарэту, а трэці ўсё хапаўся за кабуру і шнарыў па шэрагах налітымі вачыма. У шэрагах зайздросна прынюхваліся, чулася лісьліва-ўхвальнае бурчаньне. «Давайце, давайце... — мармытаў Зэф. — Мы вам наваюем...» Максім раздражнёна штурхнуў яго локцем.

— Змоўч, — сказаў ён скрозь зубы. — Надакучыла.

У гэты час да палкоўніка падышлі двое — ротмістр зь люлькай у зубах і нейкі грузны мужчына, цывільны, у доўгім плашчы з паднятым каўняром і ў капелюшы. Максіму цывільны здаўся дзіўна знаёмым, і ён стаў прыглядацца. Цывільны нешта сказаў палкоўніку напаўголасу. «Га?» — вымавіў палкоўнік, зьвяртаючы на ​​яго каламутны позірк. Цывільны зноў загаварыў, паказваючы вялікім пальцам праз плячо на калёну штрафнікоў. Ротмістр абыякава папыхкваў люлькай. «Гэта навошта?» — гаркнуў палкоўнік. Цывільны дастаў нейкую паперу, палкоўнік адсунуў паперу рукой. «Ня дам, — сказаў ён. — Усе як адзін павінныя падохнуць...» Цывільны настойваў. «А я пляваў! — адказваў палкоўнік. — І на дэпартамэнт ваш пляваў. Усе падохнуць... Правільна я кажу?» — спытаў ён ротмістра. Ротмістр не пярэчыў. Цывільны схапіў палкоўніка за рукаў камбінэзона і тузануў да сябе, і палкоўнік ледзь ня ўпаў са свайго кія. Сьмехатлівы батальённы заліўся ідыёцкім сьмехам. Твар палкоўніка пачарнеў ад абурэньня, ён палез у кабуру і выцягнуў велізарны армейскі пісталет. «Лічу да дзесяці, — абвясьціў ён цывільнаму. — Раз... два...» Цывільны плюнуў і пайшоў прэч уздоўж калёны, углядаючыся ў твары штрафнікоў, а палкоўнік усё лічыў і, далічыўшы да дзесяці, адкрыў агонь. Тут ротмістр, нарэшце, занепакоіўся і пераканаў яго схаваць зброю. «Усе павінныя падохнуць, — абвясьціў палкоўнік. — Разам са мной... Бр-р-рыгада! Слухай каманду! К-крокам... р-руш!»