Читать «Населены востраў» онлайн - страница 173

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— Пайшлі, — сказаў Максім, цьвёрда ўзяў Гая і Зэфа за плечы і павёў да крайняй машыны ў першым шэрагу — панурай, плямістай, зь бясьсільна паніклым гарматным ствалом.

— Пачакай... — разгублена лапатаў Гай, азіраючыся. — Мы ж чацьвёртая рота, мы ж вунь там, мы ж у другім шэрагу...

— Ідзі, ідзі, — сярдзіта сказаў Максім. — Можа быць, ты яшчэ і ўзводам пакамандаваць хочаш?

— Жаўнерская костачка, — сказаў Зэф. — Суйміся, мамка...

Нехта ззаду схапіў Максіма за дзягу. Максім, не паварочваючыся, паспрабаваў вызваліцца — не ўдалося. Ён азірнуўся. За сьпіной, ухапіўшыся чэпка адной рукой, а другой выціраючы акрываўлены нос, цягнуўся чацьвёрты член экіпажу, кіроўца, крымінальнік па мянушцы Кручок.

— Ага, — сказаў Максім. — Я й забыўся на цябе. Давай-давай, не адставай...

Ён зь незадавальненьнем адзначыў пра сябе, што ў мітусьні забыўся на гэтага чалавека, якому па пляне была адведзеная немалаважная роля. Тут грымнулі гвардзейскія аўтаматы, па брані з кашэчым віскам заскакалі кулі, і давялося сагнуцца й бегчы стрымгалоў. Забегшы за крайні танк, Максім спыніўся.

— Слухай маю каманду, — сказаў ён. — Кручок, заводзь. Зэф, у вежу. Гай, правер ніжнія люкі... ды старанна правер, галаву здыму!

Ён пайшоў вакол танка, аглядаючы тракі. Вакол стралялі, крычалі, манатонна бубнілі рэпрадуктары, але ён даў сабе слова не адцягвацца і не адцягваўся, толькі адзначыў сам сябе: рэпрадуктары — Гай — не забыцца. Тракі былі ў ніштаватым стане, але вядучыя колы выклікалі апаску. Нічога, сыдзе, мне на ім ня доўга езьдзіць... З-пад танка спрытна выпаўз Гай, ужо брудны, з абадранымі рукамі.

— Прыржавелі люкі! — пракрычаў ён. — Я іх не зачыніў, хай будуць адчыненыя, правільна?

«Там, за грэбнем лагчыны, падступны вораг! — вяшчаў магнітафоны голас. — Толькі наперад. Толькі наперад. Рычагі на сябе...»

Максім злавіў Гая за каўнер і прыцягнуў да сябе.

— Ты мяне любіш? — сказаў ён, угледзеўшыся ў пашыраныя вочы. — Верыш мне?

— Так! — выдыхнуў Гай.

— Толькі мяне слухай. Больш нікога ня слухай. Усё астатняе — хлусьня. Я твой сябар, толькі я, больш ніхто. Я твой начальнік. Запамінай. Я загадваю: запамінай.

Ачмурэлы Гай хутка-хутка ківаў, нячутна паўтараючы: «Так, так. Так. Толькі ты. Больш ніхто...»

— Мак! — закрычаў нехта прама ў вуха. Максім павярнуўся. Перад ім стаяў той дзіўна знаёмы цывільны ў доўгім плашчы, але ўжо без капелюша. Масаракш... Квадратны твар, на якім лупіцца скура, чырвоныя азызлыя вочы... Гэта ж Фанк! На шчацэ крывавая драпіна, губа разьбітая...

— Масаракш! — крычаў Фанк, намагаючыся перакрычаць шум. — Вы аглухлі, ці што? Пазнаяце мяне?

— Фанк! — сказаў Максім. — Адкуль вы тут?