Читать «Населены востраў» онлайн - страница 160

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Тая ж куча мутантаў, але ўжо згарэлая. Тып — паводаль, нюхае кветачку, гутарыць зь іншым тыпам, павярнуўшыся да трупаў сьпіной...

Велізарнае дрэва ў лесе, скрозь абвешанае целамі. Вісяць хто за рукі, хто за ногі, і ўжо ня ўроды — на адным клятчасты камбінезон выхаванца, на іншым чорная куртка гвардзейца.

Падпаленая вуліца, жанчына зь немаўлём валяецца на маставой...

Стары, прывязаны да слупа. Твар скрыўлены, крычыць, зажмурыўшыся. Тып тут як тут — з заклапочаным відам правярае мэдыцынскі шпрыц...

Потым зноў павешаныя, падпаленыя, згарэлыя, мутанты, выхаванцы, гвардзейцы, рыбакі, сяляне, мужчыны, жанчыны, старыя, дзеткі... цэлы пляж дзетак і тып на кукішках за цяжкім кулямётам, тут ён усьміхаецца... панарамны здымак: лінія пляжу, на выдмах — чатыры танкі, усе гараць, на пярэднім пляне дзьве чорныя фігуркі з узьнятымі рукамі... хопіць. Гай зачыніў і адшпурнуў альбом, пасядзеў некалькі сэкундаў, потым з праклёнам скінуў усе альбомы на падлогу.

— Гэта ты зь імі хочаш дамаўляцца? — закрычаў ён Максіму ў сьпіну. — Хочаш іх прывесьці да нас?! Гэтага ката?! — Ён падскочыў да альбомаў, і пхнуў іх нагой.

Максім выключыў прымач.

— Не шалей, — сказаў ён. — Нічога я ўжо больш не хачу. І няма чаго на мяне гарлапаніць, самі вы вінаватыя, праспалі свой сьвет, масаракш, спустошылі ўсё, разрабавалі, абыдлячыліся, як апошняе зьвяр’ё! Што цяпер з вамі рабіць? — Ён раптам апынуўся каля Гая, схапіў яго за грудзі. — Што мне цяпер рабіць з вамі? — гаркнуў ён. — Што? Што? Ня ведаеш? Ну, кажы!

Гай моўчкі варочаў шыяй, слаба адпіхаючыся. Максім адпусьціў яго.

— Сам ведаю, — сказаў ён панура. — Нікога нельга прыводзіць. Вакол зьвяр’ё... на іх саміх насылаць трэба... — Ён падхапіў з падлогі адзін з альбомаў і стаў рыўкамі перагортваць лісты. — Які сьвет загадзілі, — казаў ён — Які сьвет! Ты паглядзі, які сьвет!...

Гай глядзеў яму праз руку. У гэтым альбоме не было ніякіх жахаў, проста краявіды розных месцаў, дзіўнай прыгажосьці і выразнасьці каляровыя фатаграфіі — сінія бухты, абрамленыя пышнай зелянінай, асьляпляльнай беласьці гарады над морам, вадаспад у горнай цясьніне, нейкая раскошная аўтастрада і паток рознакаляровых аўтамабіляў на ёй, і нейкія старажытныя замкі, і сьнежныя вяршыні над аблокамі, і хтосьці весела імчыць па сьнежным схіле гары на лыжах, і дзяўчыны, сьмеючыся, гуляюць у марскім прыбоі...