Читать «Населены востраў» онлайн - страница 158

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— Што ты крычыш? — незадаволена спытаў Максім, высоўваючыся нібы са сьцяны. — Што здарылася? Палец парэзаў?

Гай спыніўся і апусьціў рукі. Ён быў блізкі да абамленьня, давялося абаперціся аб пераборку. Сэрца калацілася шалёна, удары яго грымелі ў вушах, як барабанны бой, голас ня слухаўся. Максім некаторы час глядзеў на яго са здзіўленьнем, потым, павінна быць, зразумеў, праціснуўся ў калідор — дзьверы адсеку зноў пранізьліва завішчалі — і падышоў да яго, узяў за плечы, страсянуў, потым прыціснуў да сябе, абняў, і некалькі сэкундаў Гай у шчасным забыцьці ляжаў тварам на яго грудзях, паступова прыходзячы ў сябе.

— Я думаў... цябе тут... што ты тут... што цябе...

— Нічога, нічога, — сказаў Максім ласкава. — Гэта я вінаваты, трэба было цябе адразу паклікаць. Але тут дзіўныя рэчы, разумееш...

Гай адсунуўся, выцер мокрым рукавом нос, потым выцер мокрай далоньню твар і толькі цяпер адчуў сорам.

— Цябе няма і няма, — сказаў ён сярдзіта, хаваючы вочы. — Я клічу, я страляю... Няўжо цяжка адгукнуцца?

— Масаракш, я нічога ня чуў, — вінавата сказаў Максім. — Разумееш, тут цудоўны радыёпрымач... я й ня ведаў, што ў вас умеюць рабіць такія магутныя...

— Прымач, прымач... — бурчаў Гай, праціскаючыся скрозь напаўадчыненыя дзьверы. — Ты тут забаўляешся, а чалавек з-за цябе ледзь не звар’яцеў... Што гэта ў іх тут?

Гэта было даволі вялізнае памяшканьне са спарахнелым дываном на падлозе, з трыма паўкруглымі пляфонамі ў столі, зь якіх гарэў толькі адзін. Пасярэдзіне стаяў круглы стол, вакол стала — крэслы. На сьценах віселі нейкія дзіўныя фатаграфіі ў рамках, карціны, лахманамі зьвісалі рэшткі аксамітнай абіўкі. У кутку патрэскваў і завываў вялікі радыёпрымач — Гай такіх ніколі ня бачыў.

— Тут нешта накшталт кают-кампаніі, — сказаў Максім. — Ты пахадзі, паглядзі, тут ёсьць на што паглядзець.

— А экіпаж? — спытаў Гай.

— Нікога няма. Ні жывых, ні мёртвых. Ніжнія адсекі залітыя вадой. Па-мойму, яны ўсе там...

Гай са зьдзіўленьнем паглядзеў на яго. Максім адвярнуўся, твар у яго быў заклапочаны.

— Мушу табе сказаць, — прамовіў ён, — гэта, здаецца, добра, што мы да Імпэрыі не даляцелі. Ты паглядзі, паглядзі...

Ён падсеў да прымача і пачаў круціць вэрньеры, а Гай агледзеўся, ня ведаючы, з чаго пачаць, потым падышоў да сьцяны і стаў глядзець павывешваныя фатаграфіі. Некаторы час ён ніяк ня мог зразумець, што гэта за здымкі. Потым сьцяміў: рэнтгенаграмы. На яго глядзелі цьмяныя, усе як адзін вышчараныя чэрапы. На кожным здымку быў нечытэльны надпіс, нібы хтосьці ставіў аўтографы. Члены экіпажу? Знакамітасьці якія-небудзь?... Гай паціснуў плячыма. Дзядзечка Каан, можа быць, што-небудзь і разабраў бы тут, а мы — людзі простыя...