Читать «Населены востраў» онлайн - страница 150

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Ён у поўным захапленьні паглядзеў на Максіма. Сябар Мак сядзеў у нядбайнай позе, паклаўшы левую руку на падлакотнік, а правай ледзь прыкметна падшавельваў найвялікшы і, мае быць, найгалоўнейшы рычаг. Вочы ў яго былі прыплюшчаныя, вусны наморшчаныя, нібы ён пасьвістваў. Так, гэта быў вялікі чалавек. Вялікі і неспасьціжны. Напэўна, ён усё можа, падумаў Гай. Вось ён кіруе гэтай найскладанейшай машынай, якую бачыць упершыню ў жыцьці. Гэта ж ня танк які-небудзь і не грузавік — самалёт, легендарная машына, я і ня ведаў, што яны захаваліся... а ён упраўляецца зь ёю, як з цацкай, быццам усё жыцьцё толькі й рабіў, што лётаў у паветраных прасторах. Гэта проста розумам не дастаць: здаецца, што ён многае бачыць упершыню, і тым ня менш ён мамэнтальна прынараўліваецца і робіць тое, што трэба... І хіба толькі з машынамі? Бо ня толькі машыны адразу прызнаюць ў ім гаспадара... Захаці ён, і ротмістр Чачу хадзіў бы зь ім у абдымку... Чараўнік, на якога і глядзець боязна, і той лічыў яго за роўнага... Прынц-герцаг, палкоўнік, галоўны хірург, арыстакрат, можна сказаць, адразу адчуў у ім нешта гэткае, высокае... Такую машыну падараваў, даверыў... А я яшчэ Раду за яго хацеў выдаць. Што яму Рада? Так, мімалётнае захапленьне. Яму б якую-небудзь графіню або, скажам, прынцэсу... А вось са мной сябруе, трэба ж... І скажы ён цяпер, каб я выкінуўся ўніз, — што ж, вельмі можа быць, што й выкінуся... бо — Максім! І колькі я ўжо з-за яго даведаўся і пабачыў, у жыцьці столькі не даведацца і ня ўбачыць... І колькі з-за яго яшчэ даведаюся, і ўбачу, і чаму ад яго навучуся...

Максім адчуў на сабе ягоны погляд, і ягонае захапленьне, і ягоную адданасьць, павярнуў галаву і шырока, па-старому, усьміхнуўся, і Гай зь цяжкасьцю ўтрымаўся, каб не схапіць яго магутную карычневую руку і не прыпасьці да яе ва ўдзячным цалаваньні. О валадару мой, абарона мая і правадыру мой, загадай! — Я перад табой, я тут, я гатовы — кінь мяне ў агонь, злучы мяне з полымем... На тысячы ворагаў, на расчыненыя жаралы, насустрач мільёнам куль... Дзе яны, ворагі твае? Дзе гэтыя агідныя людзі ў мярзотных чорных мундзірах? Дзе гэты злосны афіцэрышка, які асьмеліўся падняць на цябе руку? О чорны мярзотніку, я разарву цябе пазногцямі, я перагрызу табе горла... але ня зараз, не... ён нешта загадвае мне, мой валадар, ён нешта хоча ад мяне... Мак, Мак, малю, вярні мне сваю ўсьмешку, чаму ты больш не ўсьміхаешся? Так, так, я дурны, я не разумею цябе, я ня чую цябе, тут такі роў, гэта раве твая паслухмяная машына... Вось яно што, масаракш, які я ідыёт, ну вядома ж, шлем... так, так, зараз... Я разумею, тут шлемафон, як у танку... слухаю цябе, вялікі! Загадвай! Не-не, я не хачу апамятацца! Са мной нічога не адбываецца, проста я твой, я хачу памерці за цябе, загадай што-небудзь... Так, я буду маўчаць, я заткнуся... гэта разарве мне лёгкія, але я буду маўчаць, раз ты мне загадваеш... Вежа? Якая вежа? А, так, бачу вежу... Гэтыя чорныя мярзотнікі, гэтыя паскудныя Айцы, сабачыя Айцы, яны панатыркалі вежы ўсюды, але мы зьмяцем гэтыя вежы, мы пройдзем жалезным крокам, зьмятаючы гэтыя вежы, з агнём у вачах... Вядзі, вядзі сваю паслухмяную машыну на гэтую гнюсную вежу... і дасі мне бомбу, я скокну з бомбай і не прамахнуся, вось убачыш! Бомбу мне, бомбу! У агонь! О!... О-о!! О-о-о!!!