Читать «Населены востраў» онлайн - страница 147

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Чараўнік зь нечаканым спрытам падняўся — птушка на яго плячы прысела і растапырыла крылы — сьлізгануў на караценькіх ножках уздоўж сьцяны і схаваўся за дзьвярыма. І адразу ж сьледам пацягнуўся ўвесь сход. Сыходзілі стогнучы, пакрэхтваючы, адсопваючыся, нічога толкам не зразумеўшы са сказанага, але відавочна задаволеныя тым, што ўсё застаецца па-ранейшаму, што Чараўнік не дазволіў небясьпечнай задумы, пашкадаваў, значыць, Чараўнік, ня даў у крыўду, і можна будзе цяпер дажываць, як і раней, балазе наперадзе яшчэ цэлая вечнасьць — гадоў дзесяць, а то і больш. Апошнім уплёўся Бошку з пустым чайнікам, і ў пакоі засталіся толькі Гай, ды Мак з прынцам-герцагам, ды яшчэ ў куце моцна спаў, прытаміўшыся ад разумовых высілкаў, Хлебапёк. У галаве ў Гая было цьмяна, ды і ў душы таксама. Зразумеў ён толькі адно: няшчаснае маё жыцьцё, першую палову быў лялькай, балванчыкам у нечых руках, а другую палову, відаць, давядзецца дажываць валацугам без радзімы, безь сяброў, бяз заўтрашняга дня...

— Вы засмучаныя, Мак? — спытаў прынц-герцаг вінавата.

— Ды не, ня надта, — адгукнуўся Максім. — Хутчэй нават наадварот, я адчуваю палёгку. Чараўнік мае рацыю, маё сумленьне яшчэ не гатовае да такіх задумаў. Верагодна, трэба яшчэ пабадзяцца, паглядзець. Патрэніраваць сумленьне... — Ён неяк непрыемна засьмяяўся. — Што вы мне можаце прапанаваць, прынц-герцаг?

Стары прынц-герцаг, крэкчучы, падняўся і, расьціраючы зацёклыя бакі, прайшоўся па пакоі.

— Па-першае, я ня раю вам паглыбляцца ў пустыню, — сказаў ён. — Ёсьць там барбары, ці няма іх — нічога прыдатнага вы там для сябе ня знойдзеце. Можа быць, варта, па парадзе Чараўніка, усталяваць кантакт з астраўлянамі, хаця бачыць бог, ня ведаю я, як гэта зрабіць. Верагодна, трэба ісьці да мора і пачынаць адтуль... калі астраўляне — таксама ня міт і калі яны захочуць з вамі размаўляць... Найправільнейшым мне здаецца вяртацца назад і дзейнічаць там у адзіночку. Згадайце, што сказаў Чараўнік: вы — сіла. А сілу кожны імкнецца прыстасаваць для сваіх мэтаў. Гісторыя нашай імпэрыі ведае нямала выпадкаў, калі дзёрзкія і моцныя адзіночкі дабіраліся да трону... Праўда, менавіта яны і стварылі найжорсткія традыцыі тыраніі, але вас гэта не тычыцца, вы не такі і наўрад ці станеце такім... Калі я вас правільна зразумеў, спадзявацца на масавы рух не даводзіцца, а гэта значыць, што ваш шлях — ня шлях грамадзянскай вайны і наогул ня шлях вайны. Вам варта дзейнічаць у адзіночку, як дывэрсанту. У рэшце рэшт вы маеце рацыю, сыстэма вежаў павінная мець цэнтр. І ўлада над Поўначчу ў руках у таго, хто валодае гэтым цэнтрам. Вам варта добранька гэта засвоіць.

— Баюся, гэта не для мяне, — павольна прамовіў Максім. — Не магу пакуль сказаць — чаму, але гэта не для мяне, я адчуваю. Я не хачу валодаць Цэнтрам. У адным вы маеце рацыю: мне няма чаго рабіць ні тут, ні ў пустыні. Пустыня занадта далёка, а тут няма на каго абаперціся. Але мне трэба будзе яшчэ шмат чаго даведацца, ёсьць яшчэ Пандэя, Хонці, ёсьць яшчэ горы, ёсьць яшчэ дзесьці Астраўная Імпэрыя... Вы чулі пра белыя субмарыны? Не? А я чуў, і Гай вось чуў, і мы ведаем чалавека, які іх бачыў і зь імі змагаўся. Дык вось: яны могуць ваяваць... Ну, добра. — Максім ускочыў. — Марудзіць няма чаго. Дзякуй, прынц-герцаг, вы вельмі дапамаглі нам. Хадзем, Гай.