Читать «Населены востраў» онлайн - страница 146

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— І то праўда, — зь нечаканай лёгкасьцю пагадзіўся Чараўнік. — Сумленьне сапраўды задае ідэалы. Але ідэалы таму і называюцца ідэаламі, што знаходзяцца ў ашаламляльнай неадпаведнасьці з рэчаіснасьцю. І таму, калі за працу прымаецца розум, халодны, спакойны розум, ён пачынае шукаць сродкі дасягненьня ідэалаў, і выяўляецца, што сродкі гэтыя ня лезуць у рамкі ідэалаў, і рамкі трэба пашырыць, а сумленьне зьлёгку падрасьцягнуць, падправіць, прыстасаваць... Я ж толькі гэта і хачу сказаць, толькі гэта вам і паўтараю: ня варта няньчыцца са сваім сумленьнем, трэба часьцей падстаўляць яго пыльнаму скразьнячку новай рэчаіснасьці і не баяцца зьяўленьня на ім плямак і грубай скарыначкі... Зрэшты, вы і самі гэта разумееце. Вы проста яшчэ не навучыліся называць рэчы сваімі імёнамі. Але вы і гэтаму навучыцеся. Вось вашае сумленьне абвясьціла задачу: зьвергнуць тыранію гэтых Невядомых Айцоў. Розум прыкінуў, што да чаго, і даў параду: паколькі знутры тыранію падарваць немагчыма, ударым па ёй звонку, кінем на яе барбараў... хай лесавікі будуць растаптаныя, хай рэчышча Блакітнае Зьмяі запрудзіцца трупамі, хай пачнецца вялікая вайна, якая, можа быць, прывядзе да зьвяржэньня тыранаў, — усё для высакароднага ідэалу. Ну што ж, сказала сумленьне, паморшчыўся, давядзецца мне зьлёгку агрубець дзеля вялікае справы...

— Масаракш... — прашыпеў Максім, чырвоны і злы, якім Гай ня бачыў яго ніколі. — Так, масаракш! Так! Усё менавіта так, як вы кажаце! А што яшчэ застаецца рабіць? За Блакітнай Зьмяёй сорак мільёнаў чалавек ператвораныя ў хадзячыя дзеравякі. Сорак мільёнаў рабоў...

— Правільна, правільна, — сказаў Чараўнік. — Іншая справа, што сам па сабе плян няўдалы: барбары разаб’юцца аб вежы і адкоцяцца, а бедныя нашыя выведнікі, увогуле, ні на што сур’ёзнае ня здольныя. Але ў рамках таго ж пляну вы маглі б зьвязацца, напрыклад, з Астраўной Імпэрыяй... Гаворка не пра гэта. Баюся, вы наогул спазьніліся, Мак. Вам бы прыбыць сюды гадоў пяцьдзесят таму, калі яшчэ не было вежаў, калі яшчэ не было вайны, калі была яшчэ надзея перадаць свае ідэалы мільёнам... А цяпер гэтай надзеі няма, цяпер надыйшла эпоха вежаў... хіба што вы перацягаеце ўсе гэтыя мільёны сюды па адным, як вы ўцягнулі гэтага хлопчыка з аўтаматам... вы толькі не падумайце, што я вас адгаворваю. Я добра бачу: вы — сіла, Максім. І вашае зьяўленьне тут само па сабе азначае непазьбежнае крушэньне раўнавагі на паверхні нашага маленькага шара. Дзейнічайце. Толькі хай вашае сумленьне не перашкаджае вам ясна думаць, а ваш розум няхай не саромеецца, калі трэба, адхіліць сумленьне... І яшчэ раю вам памятаць: ня ведаю, як у вашым сьвеце, а ў нашым — ніякая сіла не застаецца доўга без гаспадара. Заўсёды знаходзіцца хто-небудзь, хто намагаецца прыручыць яе і падпарадкаваць сабе — незаўважна ці на добрапрыстойнай падставе... Вось і ўсё, што я хацеў сказаць.