Читать «Населены востраў» онлайн - страница 145

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Птушка натапырылася і засунула галаву пад крыло, а голас усё гучаў, і цяпер Гай зразумеў, што гаворыць сам Чараўнік, не расьціскаючы вуснаў, ня рухаючы ніводным мускулам твару. Гэта было вельмі страшна, і ня толькі Гаю, але і ўсім прысутным, нават прынцу-герцагу. Адзін толькі Максім глядзеў на Чараўніка хмурна і зь нейкім выклікам.

— Нецярпеньне патрывожанага сумленьня! — абвясьціў Чараўнік. — Вашае сумленьне расьпешчанае пастаяннай увагай, яно прымаецца стагнаць пры найменшай нязручнасьці, і розум ваш пачціва схіляецца перад ім, замест таго, каб крыкнуць на яго і паставіць яго на месца. Вашае сумленьне абуранае існуючым парадкам рэчаў, і ваш розум паслухмяна і пасьпешліва шукае шляхі зьмяніць гэты парадак. Але ў парадку ёсьць свае законы. Гэтыя законы ўзьнікаюць зь імкненьняў велізарных чалавечых масаў, і зьмяняцца яны могуць таксама толькі са зьмяненьнем гэтых імкненьняў... Такім чынам, з аднаго боку — імкненьні велізарных чалавечых масаў, з другога боку — вашае сумленьне, увасабленьне вашых імкненьняў. Вашае сумленьне пасоўвае вас на зьмяненьне існуючага парадку, то бок на зьмяненьне імкненьняў мільённых чалавечых масаў на вобраз і падабенства вашых імкненьняў. Гэта сьмешна і антыгістарычна. Ваш затуманены і аглушаны сумленьнем розум страціў здольнасьць адрозьніваць рэальнае дабро масаў ад уяўнага, — гэта ўжо ня розум. Розум трэба трымаць у чысьціні. Ня хочаце, ня можаце — што ж, тым горш для вас. І ня толькі для вас. Вы скажаце, што ў тым сьвеце, адкуль вы прыйшлі, людзі ня могуць жыць зь нячыстым сумленьнем. Што ж, перастаньце жыць. Гэта таксама нядрэннае выйсьце — і для вас, і для іншых.

Чараўнік замоўк, і ўсе галовы павярнуліся да Максіма. Гай не зусім зразумеў, пра што тут ішла гаворка. Відаць, гэта быў водгалас нейкае старое спрэчкі. І яшчэ ясна было, што Чараўнік лічыць Максіма разумным, але капрызным чалавекам, які дзейнічае хутчэй па капрызе, чым па неабходнасьці. Гэта было крыўдна. Максім быў, вядома, дзіўнай асобай, але сябе ён не шкадаваў і заўсёды ўсім хацеў дабра — не па капрызе якім-небудзь, а па найглыбейшым перакананьні. Вядома, сорак мільёнаў людзей, абдураных выпраменьваньнем, ніякіх зьменаў не хацелі, але ж яны былі абдураныя, гэта было несправядліва...

— Не магу з вамі пагадзіцца, — холадна сказаў Максім. — Сумленьне сваім болем ставіць задачы, розум — выконвае. Сумленьне задае ідэалы, розум шукае да іх дарогі. Гэта і ёсьць функцыя розуму — шукаць дарогі. Без сумленьня розум працуе толькі на сябе, а значыць — ухаластую. Што ж тычыцца супярэчнасьцяў маіх імкненьняў зь імкненьнямі масаў... Існуе пэўны ідэал: чалавек павінен быць вольным духоўна і фізычна. У гэтым сьвеце масы яшчэ не ўсьведамляюць гэтага ідэалу, і дарога да яго цяжкая. Але калісьці трэба пачынаць. Менавіта людзі з абвостраным сумленьнем і павінныя бударажыць масы, не даваць ім заснуць у скоцкім стане, падымаць іх на змаганьне з прыгнётам. Нават калі масы не адчуваюць гэтага прыгнёту.