Читать «Населены востраў» онлайн - страница 144

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Сход зашумеў, загудзеў, што правільна маўляў пляшывы выказвае, усё дакладна, але пляшывы яшчэ ня скончыў.

— Дайце дагаварыць! — абурыўся ён. — Што вы расшумеліся, на самой справе? Гэта ж яшчэ ня ўсё. Яшчэ можа быць, што жаўнеры барбараў пераб’юць, а барбары — жаўнераў. Вось тут быццам бы нам самае і жыць. Дык не ж, ізноў не атрымліваецца. Бо яшчэ ваўкалакі ёсьць. Пакуль жаўнеры жывыя, ваўкалакі хаваюцца, кулі баяцца, жаўнерам загадана ваўкалакаў страляць. А ўжо як жаўнераў ня стане, тут нам поўны амін. Зьядуць нас ваўкалакі і костак не пакінуць.

Гэтая ідэя страшна ўразіла сход. «Правільна гаворыць! — пачуліся галасы. — Трэба ж, якія галовы ў іх на балотах... Так, браты, на ваўкалакаў мы і забыліся... А яны ня сьпяць, яны свайго чакаюць... Ня трэба нам нічога, Мак, няхай ідзе, як ідзе... Дваццаць гадоў худа-бедна пражылі, і яшчэ дваццаць працягнем, а там, глядзіш, і яшчэ...»

— І выведнікаў яму аддаваць нельга! — павысіў голас пляшывы. — Ці мала што яны самі хочуць... Ім што — яны і дома не жывуць, шасьціпалы вунь днюе і начуе на тым баку, сорам сказаць — рабуе там і гарэлку п’е. Ім добра, яны вышак клятых не баяцца, галовы ім не баляць. А грамадзтву як? Дзічына на поўнач сыходзіць, хто да нас яе з поўначы гнаць будзе, калі не выведнікі? Не даваць! І прыструніць іх яшчэ трэба добранька, зусім разбэсьціліся... Забойствы там учыняюць, жаўнераў крадуць і мучаць, як і ня людзі... Не пускаць! Зусім разбэсьцяцца...

— Не пускаць, не пускаць... — пацьвердзіў сход. — Як мы бязь іх? А мы іх кармілі-паілі, мы іх нарадзілі ды выгадавалі, адчуваць павінныя, а яны, знай сабе, у бок глядзяць, як бы пасваволіць...

Пляшывы, нарэшце, супакоіўся, сеў на месца і пачаў прагна глынаць астылую гарбату. Сход таксама ўгаманіўся, сьціхнуў. Старыя сядзелі нерухома, намагаючыся не глядзець на Максіма. Бошку, паныла ківаючы, прамовіў:

— Трэба ж, якое ў нас няшчаснае жыцьцё! Ніадкуль паратунку няма. І што мы каму зрабілі?

— Нараджалі нас дарма, вось што, — сказаў Арэшнік. — Не падумаўшы нас нараджалі, ня ў час... — Ён працягнуў пусты кубак. — І мы дарма нараджаем. На пагібель. Так, так, на пагібель...

— Раўнавага... — вымавіў раптам гучны хрыплы голас. — Я вам ужо казаў гэта, Мак. Вы не захацелі мяне зразумець...

Незразумела было, адкуль ідзе голас. Усе маўчалі, журботна апусьціўшы вочы. Толькі птушка на плячы Чараўніка тапталася, адкрываючы і закрываючы жоўтую дзюбу. Сам Чараўнік сядзеў нерухома, заплюшчыўшы вочы і сьціснуўшы тонкія вусны.

— Але цяпер, спадзяюся, вы зразумелі, — працягвала быццам бы птушка. — Вы хочаце парушыць гэтую раўнавагу. Што ж, гэта магчыма. Гэта ў вашых сілах. Але пытаецца — навошта? Хто-небудзь просіць вас пра гэта? Вы зрабілі правільны выбар: вы зьвярнуліся да найжаласьнейшых, да найняшчасьнейшых, да людзей, якім дасталася ў раўнавазе сілаў найцяжэйшая доля. Але нават і яны не жадаюць парушэньня раўнавагі. Тады што ж вамі рухае?...