Читать «Населены востраў» онлайн - страница 143

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— Гэта, вядома, так, — прамовіў Бошку задуменна. — Але ж зь іншага боку барбары могуць і жаўнераў прагнаць, і нас ня будуць чапаць. Вось тады і стане добра.

— Чаму гэта яны раптам нас ня будуць чапаць? — запярэчыў бяльматы. — Усе нас адвеку чапалі, а гэтыя раптам ня будуць?

— Дык ён жа зь імі дамовіцца, — растлумачыў Бошку. — Не чапайце, маўляў, лесавікоў, і ўсё тут...

— Хто? Хто дамовіцца? — спытаў Хлебапёк, круцячы галавой.

— Ды вось Мак. Мак і дамовіцца...

— Ах, Мак... Ну, калі Мак дамовіцца, тады, можа быць, і не чапацьмуць.

— Гарбаты табе даць? — спытаў Бошку. — Засынаеш жа, Хлебапёк.

— Ды не хачу я тваёй гарбаты.

— Ну выпі гарбаткі, кубачак толькі, што гэта табе — шыю мыць?

Бяльматы раптам падняўся.

— Пойду я, — сказаў ён. — Нічога з гэтага ня выйдзе. І Мака яны заб’юць, і нас таксама не пашкадуюць. Чаго нас шкадаваць? Усё роўна гадоў празь дзесяць нам усім гамон. У мяне ў грамадзе ўжо два гады дзеці не нараджаюцца. Дажыць бы да сьмерці спакойна, і добра. А так самі вырашайце, як ведаеце. Мне ўсё адно.

Ён выйшаў, перакошаны, нязграбны, спатыкнуўшыся аб парог.

— Так, Мак, — ківаючы галавой, прамовіў П’яўка. — Прабач нас, але нікому мы ня верым. Як можна барбарам верыць? Яны ў пустыні жывуць, пясок жуюць, пяском запіваюць. Яны — страшныя людзі, з жалезнага дроту скручаныя, ні плакаць ня ўмеюць, ні сьмяяцца. Што мы для іх? Мох пад нагамі. Ну, вось прыйдуць яны, паб’юць салдат, сядуць тут, лес, вядома, выпаляць... навошта ім лес, яны пустыню любяць. І зноў жа нам канец. Не, ня веру. Ня веру, Мак. Пустая твая задума.

— Так, — сказаў Хлебапёк. — Ня трэба гэта нам, Мак. Дай ужо нам памерці спакойна, не чапай нас. Ты жаўнераў ненавідзіш, хочаш іх зьнішчыць, але ж мы тут прычым? У нас ні да каго нянавісьці няма. Пашкадуй нас, Мак. Бо ж нас ніхто ніколі не шкадаваў. І ты, хоць ты і добры чалавек, але таксама нас не шкадуеш... Не шкадуеш жа, а, Мак?

Гай зноў паглядзеў на Максіма і зьбянтэжана адвёў вочы. Максім пачырванеў, пачырванеў да сьлёз, нахіліў галаву і закрыў твар рукой.

— Няпраўда, — сказаў ён. — Я шкадую вас. Але я ня толькі вас шкадую. Я...

— Не-е, Мак, — настойліва сказаў Хлебапёк. — Ты ТОЛЬКІ нас пашкадуй. Мы ж найняшчасьнейшыя людзі ў сьвеце, і ты гэта ведаеш. Ты пра сваю нянавісьць забудзь. Пашкадуй — і ўсё...

— А чаго яму нас шкадаваць? — падаў голас Арэшнік, да вачэй заматаны бруднымі бінтамі. — Ён сам жаўнер. Калі гэта жаўнеры нас шкадавалі? Не нарадзіўся яшчэ жаўнер, які б нас пашкадаваў...

— Галубчыкі, галубчыкі! — сказаў строга прынц-герцаг. — Мак — наш сябар. Ён хоча нам дабра, хоча зьнішчыць нашых ворагаў...

— А вось што атрымаецца, — разважліва сказаў пляшывы зь нетутэйшых. — Дапусьцім нават, што барбары будуць мацьнейшыя за жаўнераў. Паб’юць яны жаўнераў, зруйнуюць іхныя клятыя вышкі, захопяць усю Поўнач. Хай. Нам не шкада. Хай яны там рэжуцца. Але нам карысьць якая? Нам тады зусім канец: на поўдні будуць барбары, на поўначы зноў жа барбары, над намі — усё тыя ж барбары. Мы ім не патрэбныя, а раз не патрэбныя — пад корань нас. Гэта адно... Цяпер дапусьцім, што жаўнеры барбараў адаб’юць. Адаб’юць яны барбараў, і пакоціцца ўся гэтая вайна праз нас на поўдзень. Што тады? Тады зноў жа нам хана: на поўначы жаўнеры, на поўдні жаўнеры, і над намі жаўнеры. Ну, а жаўнераў мы ведаем...