Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 94

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Танец скончыўся нечакана. «Кавалер» наступіў чаравіком на босую нагу «мадэмуазелі», тая войкнула і ўцякла на свае месца, на прызбу. Санька помсліва ўсміхнуўся: няхай не ходзіць танцаваць «Пырскі шампанскага» з рознымі франтамі. Можа б, ён і сам яе калі-небудзь запрасіў. Але праз хвіліну Санька насупіўся зноў. I я добра яго разумею. Прыйшоў сюды нейкі задавака і варыць ваду. «Падэспані» яму падавай. Падэспаныпчык знайшоўся.

Але Юрку ні горача і ні холадна ад нашых хмурых позіркаў. Толькі сыгралі адыходны марш, ён проста на вачах узяў Соньку пад руку і павёў, хоць тая і хацела вырвацца. I яшчэ сваім рэшатам з бліскучым казырком нам памахаў:

— Салют, хлопцы!

На Саньку напаў слупняк. Я таксама лыпаю вачамі: ды што ж гэта робіцца на белым свеце? Без усякага-якага ўзяў пад крэндзель і павёў. I смеласці ў яго хапае.

— Ну добра,— схамянууся нарэшце мой прыяцель і грозна бліснуў вачамі.— Я яму пакажу!

Канечне, яму трэба паказаць. Няхай не думае, што ён будзе адтоптваць ногі нашым дзяўчатам, сілай іх праводзіць, і яму так гэта міне. Няхай не думае, што за іх заступіцца няма каму. А мы з Санькам!

Мы сядзім на лавачцы каля Скокавага двара і чакаем, калі той падэспаныичык будзе вяртацца дамоу. Тады Санька выйдзе насустрач і так дасць пад дыхавіцу, што ён зямлю панюхае. 3 яго шыкоўнага картузіка Санька зробіць блін. Праўда, мне пакуль што лезці ў будучы бязлітасны бой забаронена. У нас няма такой завядзёнкі, каб удвух на аднаго. Я проста буду стаяць, каб нашаму праціўніку было страшней.

— А можа, нам замаскіравацца? — прапанаваў Санька.— А то ўбачыць і ўцячэ...

Месца для засады выбралі пад плотам, за кустамі крапівы. На траву выпала ўжо раса, але мой прыяцель адважна нырнуў за мокры пякучы куст і прыцішыўся. Я таксама сабраўся шмыгнуць услед, ужо нават стаў на карачкі, калі за спінай нехта спытаў:

— Што ты тут шукаеш?

Азірнуўся — ён. Стаіць і ўсміхаецца. Нават у цемры відаць, што ў яго вельмі белыя зубы. Грознага Санькі, які вырас з-за крапівы, нібы прывід, наш люты вораг і не думае палохацца.

— Салют! — здзіўлена крыкнуў ён і пстрыкнуў партсігарам.— Закурым?

Усё гэта адбылося так нечакана, што мы нібы языкі праглынулі: стаім як слупы. Тут бы якраз і трэба было яму паказаць, дзе ракі зімуюць, а Санька чамусьці марудзіць.

— Дзікія ў вас дзеўкі,— уздыхнуўшы, паскардзіўся тым часам Юрка.— Ніякай табе культуры. Хацеў пад ручку прайсціся, дык уцякла.

Санька ледзь прыкметна ўсміхнуўся, яго каменны да гэтага твар падабрэў. Ён вылез з крапівы і пачаў абцярушваць штаны. Відаць, бою не будзе. Няма за што, калі так.

А малайчына ўсё-такі наша Кучараўка. Ён думаў, калі пагоны начапіў, дык перад ім усе будуць надаць ніц.

Быццам не заўважаючы нашай суровасці, Юрка неяк па-прыяцельску спытаў:

— Ну як вы тут, хлопцы, жывяце?

— А так,— не вельмі ветліва буркнуў Санька.

А я дадаў:

— Жывём, хлеб жуём...

Слова за слова і разгаварыліся.