Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 92

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Але мост — гэта не для нас з Санькам. Тут і нагу можна застраміць, і публіка занадта высакародная — усе абутыя. Як 6ачыш без пальцаў застанешся, калі наступіць каторая.

Каля той жа Язэпіхі — народ прасцейшы. Тут і босую можна выбраць, і танцуюць на голай зямлі, утаптанай нагамі, быццам ток у гумне. Пыльна на гэтых танцах, як на малацьбе. Нездарма з моста жартуюць з тых, хто гуляе каля Язэпіхі:

— Абцерушы пыл з вушэй!

Але і каля Язэпіхі не кожнай скажаш: «Хадзем патанцуем». Спачатку на ногі трэба паглядзець, ці не ў чаравіках, інакш атрымаеш ад варот паварот. Абутыя — фанабэрыстыя, не кожная яшчэ і пойдзе.

А мы і не вельмі з гэтай прычыны бядуем. У нас свае вечарынкі — на Скокавай прызбе. Выйдзе з хаты Лёшка з балалайкай і дрынкае паціху. Аднакласніцы нашы збяруцца: Каця, Сонька, Ганка і амаль усе астатнія. I ўсе мы тут роўныя, усе басанож — смела бяры любую. Толькі танцоры мы з Санькам пакуль што лыкавыя, тупаем, як казлы. Таму нікога і не бяром, самі з сабой танцуем ды дзяўчат штурхаем, быццам незнарок. I больш за ўсё Кацю з Сонькай.

Лёшка — музыкант хвацкі. Ён трымае фасон не горш Косціка: перад кожным танцам спачатку падрынкае, падцягне струны, а потым ужо і зайграе. А ўмее ўсё: і польку, і сербіянку, і страдание. Болей таго — недзе днямі пераняў з патэфоннай пласцінкі танга. «Пырскі шампанскага» называецца.

Спачатку гэтых «пырскаў» ніхто не ўмеў танцаваць, але потым дзяўчаты неяк сваім розумам дапялі — і пайшлі таптаць мурог! Танга дык танга. Такога моднага танца, мабыць, не ведае нават мост, не кажучы пра Язэпіху.

Адным словам, нашы з Санькам танцавальныя справы ідуць вельмі добра. Мы тут галоўныя завадатары, жартаўнікі і перасмешнікі. Няма нам сапернікаў. Большыя хлопцы на нашых дзяўчат глядзець не хочуць. Калі каторы і падыдзе, прыгледзіцца ў цемры, дык толькі рукой махне:

— А-а, падлётачкі!

Так вераб'ёў называюць, калі тыя пачынаюць вучыцца лятаць. А па-нашаму, дык дзяўчаты добрыя. Мы нават думаем, а ці не запрасіць і сапраўды каторую на танец. Я з Кацяй бы пайшоў, ды баюся, адшые. I наогул не проста тэта — вось так узяць і пайсці...

Санька — хлопец смелы, а тут таксама пасуе, не адважыцца на такое першы. Скажуць потым — кавалер. Калі б так як-небудзь, каб непрыкметна было: у час танца «разбіць пару», ці што? Сядзім мы збоку ад усіх, шэпчамся і раптам:

— Салют, хлопцы! Што ў вас тут, танцы?

Паднялі мы вочы і знямелі ад здзіўлення: афіцэр — не афіцэр, генерал — не генерал, а хто такі, не пазнаем. А ён нас, відаць, як аблупленых ведае.

— Ну як, Іван, справы? Што, Санька, чуваць?

Прыгледзеліся — Юрка Калдоба, нашага ўчастковага сын. Ліха ведае, калі мы яго бачылі. Кажуць, ён разам з бацькам нейкі час у арміі служыў. Дома ў Юркі пасля смерці маці нікога не засталося, вось і забраў яго бацька да сябе ў часць. Спачатку хадзіў ён там за сына палка, а калі бацька дэмабілізаваўся, Юрку аддалі ў ваеннае вучылішча, у нейкае падрыхтоўчае. I вось стаіць ён перад намі і красуецца. Куды там Лёньку з Лапціна да яго! Сінія суконныя штаны з чырвонымі кантамі, зялёны фрэнч з бліскучымі гузікамі, пагоны з пазалотай, як на абразах, а на галаве такі картуз, які нам з Санькам і не сніўся. Маленькі, усяго з палец шырынёй, пакрыты чорным лакам казырочак і, нібы рэшата, туга нацягнуты верх. А калі б вы паглядзелі, як гэта ўсё сядзіць на галаве! Цудам трымаецца недзе там, на патыліцы. Пра чаравікі і гаварыць няма чаго: хромавыя.