Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 96

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Іншы раз камбайнер паказвае не толькі галаву, а вылазіць і сам. Тады ў іх такія размовы.

— Што гэта такое, я пытаю? — тыцкае ён Нінцы пад нос якую-небудзь жалязяку.— Ну што?

— Ну... крыльцы ад бомбы,— адказвае брыгадзірка.

— Кры-ы-льцы,— перадражнівае камбайнер.— У мяне ад гэтых тваіх крыльцаў нажы паляцелі. Папрыбіраць у вас рукі адсохлі. Вось завярнуся і паеду...

Ды што яму Нінка? Ён аднойчы нават у старшыні калгаса, таварыша Мароза, пры нас спытаў, ці ведае той, куды яму ісці. Калі б каго другога, дык Мароз з'еў бы жыўцом, а камбайнеру абышлося.

Пра нас жа з Санькам і гаварыць няма чаго. Тут не разбярэш, ці мы возчыкі збожжа, ці камбайнеравы слугі. То ключ яму падай, то малаток пашукай, то збегай за вярсту да мужчын, якія косяць той нялюдскі ячмень, і папрасі ў іх тытуню на цыгарку, то вады прынясі напіцца. А цёплая, дык яшчэ паглядзіць на цябе, як бог на чарвяка. Быццам гэта мы адкручваем у яго камбайне гайкі, губляем балты, ірвём ланцугі і падкідваем пад нажы крыльцы ад бомб. I мы ўсё церпім. Церпім таму, што калі яго гэта аграмадзіна ўсё-такі завядзецца і пацягнецца ўслед за трактарам, то можна ўскарабкацца наверх і, быццам на капітанскім мосціку, праехацца па полі, горда паглядваючы, як недзе там побач нашы дзяўчаты гнуць спіны з сярпамі. А вечарам можна з гэткім абыякавым выглядам пры выпадку сказаць:

— У нас на камбайне цяпер парадак.

Можна слоўца падкінуць мудрагелістае: шнэк, агрэгат, кантакт. Мы іх ведаем процьму.

Адно толькі кепска — не кожны вечар нам удаецца пабыць на гулянках. Іншы раз нас пасылаюць ноччу адцягваць салому ад малатарні. I не хацеў бы, дык Нінка ўгаворыць. Так ужо мякка сцеле: хлопчыкі, хлопчыкі, хлопчыкі. Мы і любенькія, мы і даражэнькія, і на нас уся брыгада трымаецца. Калі такія вялікія ўдарнікі і стаханаўцы, як мы, не пойдуць, дык ёй невядома, што тады і будзе. Мабыць, свет перакуліцца дагары нагамі. Уздыхнеш і паабяцаеш прыйсці. А потым увечары, калі зойдзе сонца, калі ўжо зусім добра сцямнее і за акном, ідучы на вечарынку, заспяваюць дзяўчаты, проста свет табе не мілы.

Занавеска рэдка-рэдка, Чарнабрывага відаць, Калі б з гэтым чарнабрывым адзін вечар пагуляць!—

звіняць дзявочыя галасы на ўсю вуліцу. А тут яшчэ бабка слова ўставіць:

— Ідзі ўжо, кліча твая піскуха.

Я заводжуся, як кажа наш камбайнер, з паўабарота. Гляну, ці не пачуў бабчынай насмешкі банька, і ў атаку:

— Ідзі-ідзі! Табе толькі гулянкі наўме, а салому хто будзе цягаць — чорт лысы?

Але бабку так легка не спыніш. Яна, мыючы посуд пасля вячэры, будзе бурчаць, пакуль не пойдзеш з хаты:

— Мне гулянкі наўме... гулянкі наўме. Захаласцякавалі ўжо. I сын, і бацька. А мне гулянкі-хварабанкі наўме.

Усё гэта гаворыцца не так для мяце, як для бацькі. Мае халасцяцтва бабка прымешвае, мабыць, для зручнасці. Яна баіцца, што мы з бацькам неўзабаве навядзём поўную хату гаспадынь: адзін — нявестку, другі — мачыху. Тады яна паглядзіць, як яны паладзяць каля печы. Во будзе смеху! Толькі няхай нашы з бацькам жонкі не думаюць: бабка іх і да чалеснікаў не падпусціць. Знайшліся на ўсё гатовае. Словам, перападае нам з бацькам ад старой на абаранкі, толькі слухай.