Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 93

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Нечаканае з'яўленне на нашай пагулянцы такога маладога вайскоўца ўразіла не толькі нас з Санькам. У прадчуванні нечага незвычайнага прытаілася і прызба, і лавачка, сціхла вясёлая гамана. А ён прайшоўся ўздоўж прызбы, фарсіста прыстукваючы абцасамі і раз-пораз ківаючы, быццам конь, калі той адганяе аваднёў, паздароўкаўся з кожным за руку і адразу ж ушыўся паміж дзяўчат. Смыка сапхнулі з лаўкі, і ён, падышоўшы да нас з Санькам, здзівіў яшчэ адной падрабязнасцю Юркавага шыку:

— Адэкалонам пахне за вярсту.

У нас з Санькам зусім сапсаваўся настрой. Мы зразумелі, якая небяспека навісла над намі. Цяпер, каб быць завадатарам, і думаць няма чаго: дзяўчаты глядзяць толькі на Юрку. Мы цяпер ніхто. У нас няма пагонаў, і мы не пахнем адэкалонам.

А Юрка, адчуўшы, што ён тут галоўны, адразу пачаў вычвараць. Перш-наперш ён збянтэжыў нашага гарманіста.

— Прашу падэ-спань!

— Што? — не зразумеў Лёшка і бездапаможна глянуў па баках. Юрка, падпяваючы сам сабе, затанцаваў, быццам на спружынах.

Падэспанец харошанькі танец, Трам-ра-ра, ра-ра-ра, трам-та-та-там!

— Не ведаю,— прызнаўся Скачок.

— Ну тады падэ-катр...

Лёшка і гэтага не зайграў, толькі спадылба зірнуў на занадта моднага заказчыка і ўзяўся падкручваць струны.

— Дык што ж вы тут танцуеце? — з усмешкай спытаў Юрка.— Можа, сербіянку?

— Што трэба, тое і танцуем,— задзірыста адказаў наш музыка і ўрэзаў «Пырскі шампанскага». Ведай нашых. Не такая ўжо мы «дзеравеншчына», як некаторым здаецца. Падумаеш, адэкалонам напырскаўся, дык ад сербіянкі нос адварочвае.

Але гэта быў толькі пачатак. Далей адбылося такое, што мы з Санькам аж пачарнелі ад зайздрасці. Вось гэта кавалер, не тое што мы, целяпні няшчасныя, ні ступіць, ні слова сказаць па-людску не умеем. Юрка смела прайшоўся паўз прызбу, пераборліва агледзеў усіх нашых падлётачак і спыніўся насупраць Кучараўкі. Тая сарамліва схавала босыя ногі і апусціла галаву.

— Прашу, мадэмуазель! — пакланіўся Юрка.

«Мадэмуазель» заўпарцілася, тады Юрка ўзяў яе за руку і выцягнуў у круг сілай. Санька спахмурнеў. Ён адышоў пад вярбу і, прыхіліўшыся да яе спінай, кідае косыя позіркі на танцораў.

Не, яшчэ ніхто каля Скока на мурагу не танцаваў такога танга! Яшчэ ніхто не выкідваў тут такіх конікаў, так не выкручваўся, як гэты Юрка. Ён то бегаў на дыбачках, нібы збіраўся падняцца ў паветра і паляцець, то, згінаючы ногі, падкрадваўся, як кошка да вераб'я, то так хутка і нечакана паварочвауся назад, быццам баяўся, што яму нехта зараз дасць па патыліцы. Мы аж раты разявілі. Вось гэта танга. А мы звычайна топчамся, як гліну месім.