Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 91

Iван Kiрэевiч Сяркоў

I тут усе дзяўчаты, адна мацней за другую, падхапілі на розныя галасы:

Сама гармонік на плячо Гарманісту вешала. І-іх!

Побач з Косцікам незнаемы мне, відаць, чужасельскі хлопец па-заліхвацку б'е ў бубен. Ад яго вачэй не адвесці, такія ён робіць выкрунтасы: то стукне далонню, то костачкамі складзеных у кулак пальцаў, то бубнам аб локаць, то аб калена. Пры гэтым яго галава то фанабэрыста задзіраецца ўгору, то схіляецца набок, быццам і да бубна трэба прыслухоўвацца, як да гармоніка. I ўвесь яго выгляд сам гаворыць: яшчэ і не так магу. Словам, два боты — пара: што гарманіст, што барабаншчык.

А паміж хлопцамі і дзяўчатамі пачалося штосьці накшталт перастрэлкі. Хто каго ў сваіх прыпеўках лепей падколе. На Маньчыну любоў да гарманіста адказаў з круга зухаваты хлапечы голас:

Гарманіста палюбіць Мілая збіраецца, Мажа губы, пудрыць шчокі, Толькі не ўмываецца.

Пад Косцікаву музыку хлопцы вядуць дзяўчат наперад, затым паволі адступаюць, і раптам усе разам я-ак тупнуць буркамі ў гумавых бахілах па падлозе, аж гнуцца падваліны і гойдаецца лямпа, а потым падхопяць дзяўчат і пачынаюць віхрам кружыцца ў адзін бок: гэкнуць, аж печ падскочыць — і ў друті бок. На печы дрэмле старая Язэпіха, і кожны раз, калі хлопцы б'юць нагамі па рыпучых маснічынах, паказваючы сваю сілу і спрыт, спалохана падхоплівае галаву і бурчыць сабе пад нос:

— Разваляць хату, антыхрысты.

Дзяўчаты расчырванеліся. Манька, шустрая, рухавая, так круціцца перад сваім «мілёнкам», што спадніца надзімаецца парашутам.

Мой мілёнак, як цялёнак, Толькі розніца адна: За цялёнка возьмеш грошы, А мілёнку грош цана!

Супраць дзяўчат дык хлопцаў і малавата: з вайны не прыйшлі. Але хоць іх і мала, а паддавацца не хочуць. Той самы зухаваты басок не застаўся ў даўгу:

Тыру-тыру, Хлопцам сыру, Хлопцам сыру з малаком; Табу-табу, Дзеўкам жабу, Дзеўкам жабу з чарвяком!

Косцік яшчэ раз рыпнуў і змоўк. Перад ім адразу адчынілася некалькі самаробных алюмініевых партсігараў з тытунём і папяросамі. Паглядзеў Косцік, дзе таўшчэйшая, і ўзяў. «Цвікоў» ён не курыць.

Пасядзелі мы яшчэ крыху з Санькам, ды і дамоў пара. Хопіць для першага разу. Толькі я за клямку ўзяўся, а нам наўздагон — новая прыпеўка:

А ў нас хлопцы гулялі, У парозе стаялі. Вы прыходзьце шчэ гуляць, У парозе пастаяць.

Уся хата зарагатала, а мы насупіліся і пайшлі. Мы пакрыўдзіліся. Няхай цяпер самі гуляюць, калі такія. Нават прасіць будуць, не пойдзем. Не бачылі мы іх танцаў. Шчасце вялікае — нагамі розныя выкрунтасы вырабляць ды горла драць прыпеўкамі.

I сапраўды, той зімой да Язэпіхі мы болей не хадзілі. Праўда, буркі моршчылі, напускалі штаны на халявы, шапкі насілі так, што невядома, як яны толькі на галаве трымаліся, а на пагулянкі — ні нагой.

I вось надышло лета. Гульбішчы выбраліся з хат на вуліцу. Цяпер каля кожнага двара клуб, абы толькі роўнае месца было, дзе скакаць, і лавачка для гарманіста. I, вядома, самае лепшае летам месца для танцаў — гэта драўляны мост на шашы. Тут такую сербіянку можна адстукаць на дашчаным насціле, на ўсё сяло будзе чуваць. Толькі грузавікі іншы раз перашкаджаюць. Прыходзіцца даваць ім дарогу.