Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 90

Iван Kiрэевiч Сяркоў

А хлопцам добра. 3 іх гаспадары платы не пытаюць. Мы можам завярнуцца і на другую вечарынку пайсці. Не адна яна на сяле — амаль на кожнай вуліцы. А самая бліжэйшая ў старой Язэпіхі. Туды мы з Санькам і шыбуем. Дакладней будзе сказаць, крадземся, як начныя зладзеі. Не так гэта проста першы раз на пагулянкі ісці. Ці мала хто можа ўбачыць? Можна настаўніцу сустрэць ці нават дырэктара. I хто-небудзь з дзяўчат убачыць, дык на ўсю школу раззвоніць. Тады на попел ад сораму згарыш. Скажуць, а яшчэ камсамольцы.

Суседцы на вочы трапішся, таксама бабцы ў вушы ўвядзе. А тая ўжо не праміне падкусіць.

— Што,— скажа,— захаласцякаваў?

I невядома яшчэ, як на гэта бацька паглядзіць.

Словам, многа можа чалавек мець непрыемнасці, калі ён першы раз ідзе на вечарынку.

I Санька, пакуль мы краліся паўз платы, такую брахульку прыдумаў. Хіба мы ідзём гуляць? Мы ідзём праверыць, ці не гуляе хто-небудзь з нашага класа. Праверым і пойдзем дадому. Трэба нам тая гулянка як зайцу стоп-сігнал.

У Санькі галава як сельсавет, заўсёды што-небудзь прыдумае. Канечне, правяраць. Маючы ў запасе такую хітрасць, мы даволі смела пераступілі парог і акінулі хату строгімі вачамі правяральшчыкаў. Нас адразу заўважылі, быццам даўно чакалі.

— Хлопцы! Халасцёж прыйшла! — крыкнуў лапцінскі Лёнька і гучна зарагатаў. Яго падтрымала нейкая сакатуха, здаецца, Узварава Манька.

А што гэта за такая Баявая халасцёж: Слова скажаш, не так глянеш — То за шаблю, то за нож! —

праспявала яна прарэзлівым голасам, і ўсім стала яшчэ весялей. А мы стаім, як ёлупні.

У тытунёвым дыме закураная лямпа, быццам месяц у воблаках: то пацямнее, то праясніцца. Уздоўж сцен на лаўках і нават на ложку і прыпечку сядзяць дзяўчаты і хлопцы. Усе не нашага гурту, многа старэйшыя. Хлопцы пыхкаюць цыгаркамі, перадаюць адзін аднаму «бычкі», а дзяўчаты лузгаюць семкі.

Буслікаў Косцік, які ўсяго гады на два старэйшы за нас з Санькам, сядзіць на самым выгодным месцы. Схіліўшы галаву да самага гармоніка, ён ляніва перабірае пальцамі белыя гузікі ладоў і рыпае нешта несуладнае. Гэта ўжо звычай такі ў гарманістаў: перш чым сыграць тое, што просяць, спачатку вось гэтак парыпаць сабе пад вуха, быццам яны штосьці там чуюць асаблівае, чаго другім ніколі не пачуць. Як гэта гаворыцца, трымаюць фасон.

Косцік, звесіўшы свой бялявы хвалісты чуб на мяхі, фасоніў доўга. Яго ўжо некалькі разоў прасілі дзяўчаты сыграць, а ён быццам і не чуе. I толькі калі перасталі прасіць, нечакана зайграў сам. Так яму захацелася: ён гарманіст.

Ну і пайшла ж весялуха, аж захісталася Язэпішына хата і скрозь шчыліны ў столі пачала церушыцца кастрыца. Выйшаўшы ў круг, тая самая бойкая Узварава Манька, відаць, жадаючы паддобрыцца да Косціка, заспявала, прытупваючы пад музыку:

Я любіла гарманіста, Гарманіста цешыла.