Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 89

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Але мне і Саньку ўсё ж далека да Ахрэмавага Лёнькі з Лапціна, які ходзіць гуляць да падлюбскіх дзяўчат. Кажуць, яго бацька прывёз з Германіі ледзь не поўную салдацкую торбу іголак і прадае іх на базары. Цяпер Лёнька ходзіць, як асэсар: у сапраўдных хромавых ботах і нават з наручным гадзіннікам. Адсюль, мабыць, і пайшла тая прымаўка — апрануты з іголачкі.

Фарсіць Лёнька перад нашымі хлопцамі страшэнна. Праўда ці не, а пра яго такое расказваюць. Ідзе гэта Лёнька да падлюбскіх дзяўчат, а на дарозе свіння ляжыць. Вось ён спыніўся і кажа:

— Марш з дарогі, а не то як дам новым ботам пад дыхавіцу, дык праз пяць мінут здохнеш!

Пры гэтым Лёнька нібыта, стоячы перад свіннёй, паказаў ёй новы бот і паглядзеў на свой гадзіннік.

Можа, гэта і выдумалі ад зайздрасці, але я сам іншае бачыў. Лёнька — хлопец большы за нас, ва ўсю цыгаркі смаліць. Вось Чыжык і папрасіў у яго раз закурыць. Дык Лёнька абмацаў кішэні і адказаў:

— Няма. Папяросы ў тых штанах забыўся.

Адным словам, штаны мае рабы і яшчэ двое ў бабы; штаны мае сіні, яшчэ трое ў скрыні.

А як хвацка ўмее Лёнька насіць свае боты! Наваксуе іх так, што яны аж сонечных зайчыкаў пускаюць, потым сцісне халявы гармонікам, апусціць па самыя шчыкалаткі і ідзе як піша: рып-рып, рып-рып. Праўда, боты гармошкам ён носіць не кожны дзень. Відаць, надакучвае. Тады ён адварочвае халявы ледзь не напалавіну, каб усе бачылі, які там спадыспаду белы скураны паднарад.

Гледзячы на Лёньку, і мы пачалі рабіць са сваімі буркамі розныя фокусы. Першы ўзяўся Смык. На уроках ён не слухаў настаўнікаў, рабіў толькі разумныя вочы, каб думалі, што слухае, а сам увесь час пад партай «прывучаў» рукамі свае буркі быць гармоністымі. Выйшла люба-дорага паглядзець. Ідучы дамоў, Пецька фарсіў на ўсю вуліцу. Нават хада у яго змянілася, стала крыху расхлябанай, як і ў таго лапцінскага франта.

Дык Пецьку добра. У яго буркі тонкія, з чорнай матэрыі, ваты пакладзена скупа, таму і моршчацца легка. А вось Санька свае з шынялёвага сукна цэлы тыдзень моршчыў. Ледзь-ледзь дабіўся свайго. Але дабіўся-такі. I зусім стаў іншы абутак. Цяпер Санька ніжэй пояса падобны на вайскоўца: зялёнае галіфэ навыраст і буркі гармонікам. Хоць ты на тыя бахілы шпоры чапляй.

А ў мяне справы дрэнь. Вельмі шырокія халявы. Санька і Смык свае прыціснуць, і яны за лыткі трымаюцца. А я свае як ні прыціскаю, пройдзеш крыху — і няма гармоніка. Тады я, як Лёнька, зрабіў адвароты. Паднарады, праўда, у мяне не скураныя, але таксама белыя, са старой ільняной посцілкі. Здалёку паглядзець, выгляд даволі зухаваты, можна на вечарынку ісці.

Так мы аднойчы вечарам і зрабілі. Згармонілі буркі, Санька ўскінуў сваю шапку на патыліцу, я сваю — на левае вуха, і падаліся. Было месячна і марозна. У хатах і зямлянках палілі нанач грубкі, і ў нерухомым паветры белыя дымы стаялі вялізнымі каламі. Снег пад нагамі рыпіць на ўсю вёску.

Да вайны танцы былі ў царкве, у якой камсамольцы адкрылі клуб. Цяпер у царкве ні акон, ні дзвярэй, і дзяўчаты звычайна збіраюцца ў чыёй-небудзь хаце. Дамаўляюцца на ўсю зіму за пуд бульбы з кожнай. Адным пуды бацькі даюць, а другія бяруць іх крадком, калі дома няма дарослых. На танцы хочацца, што ты зробіш? Ёсць такія, што сама галодная будзе сядзець, толькі пусці яе польку адстукаць.