Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 88

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— А вось, каб Ваня Сырцоў кінуў школу,— развяла рукамі Антаніна Аляксандраўна,— не веру! Тут штосьці не так.

Мяне ажyо ў пот кінула.

— Я чула, што ты проста захварэў.

I, заўважыўшы, як мае рукі ўмомант зніклі пад сталом, яна уздыхнула:

— Гэта нічога. Гэта пройдзе. Гэта ва ўсіх класах. I, між іншым, у Каці таксама...

Ды што яна — мае думкі чытае? Пра гэта ж ні адзін чалавек на свеце не ведае. Нават Санька. Не можа таго быць, каб яна здагадалася. Калі здагадалася, тады я загінуў, тады — канец свету... А Антаніна Аляксандраўна кінула ў мой бок змоўніцкі позірк: маўляў, толькі мы з табой пра гэта ведаем і болей нікому не скажам.

У душы я ўзрадаваўся. I ў Каці таксама! Парадак. Цяпер мне няма чаго баяцца. Цяпер няхай яна паспрабуе...

— Вось яшчэ што,— напомніла настаўніца,— там расклад заняткаў змяніўся. Заутра першы урок — беларуская літаратура. Мы ўжо да Коласа дайшлі.

I строга паківала пальцам:

— Усё, што прапусціў,— спытаю!

Не ведаю, што са мной адбылося, але з гэтых гасцей я бег сам не свой, радасна пераскакваў цераз вясновыя лужыны, правёў палкай па частаколу — тра-та-та-та, разбойніцкім посвістам пужнуў вераб'ёў і заскочыў у Санькаў двор. У Каці таксама. Як гэта добра, гэта проста цудоўна!

— У цябе яшчэ няма таго лякарства? — спытаў я ў сябра.— Дзе твая аптэка?

Санька азірнуўся на маці, ці не пачула яна, і павёў мяне пад павець.

— Глядзі, каб не выйшла,— загадаў ён і выцягнуў з-пад смецця гарматны снарад. Галоўка ад снарада была адкручана.

— Калупай сам,— сказаў Санька.— Мне ўжо абрыдла. Кожны дзень то таму, то другому... Там ёсць яшчэ на дне.

— Тол? — здзівіўся я.

— Тол,— пацвердзіў ён.— Адзін чорт, што і серка.

Не ведаю, што мне болей дапамагло, варэнне настаўніцы, Санькава аптэка ці тое, што і Каця не святая, але я вярнуўся ў школу. Бацька ўзрадаваўся:

— Адумаўся хлопец...

«Пырскi шампанскага»

Мая бабка кажа, што кожны гад абноўцы рад. Але меншыя мы так пільна не прыглядаліся, што на нас апранута. Што ёсць, тое і добра. А з шостага класа пачалі сачыць за модай і самі моднічаць. Здаецца, простая рэч — шапка, а насіць яе трэба ўмеючы. Другі нацягне на вочы, аж дарогі не бачыць, і сунецца. Ніякай табе прыгажосці, ніякага шыку. У сапраўднага хлопца, такога, як я ці Санька, шапка павінна сядзець чортам. На самай патыліцы, каб быў відзён увесь чуб. А можна яшчэ ссунуць яе на адно вуха, таксама добра выходзіць.

Або возьмем штаны. Няважна, што на іх латкі і ззаду, і на-перадзе, важна — як ты іх носіш. Другі ўпіхне штаніны ў буркі і ходзіць, што той целяпень. У сапраўднага ж малайца, такога, як я ці Санька, штаны заўсёды будуць з напускам. Крыху па-цыганску яны звісаюць над буркамі, і тады гэтых самых бурак меней відаць, і здаецца, што гэта не буркі, а сапраудныя боты.