Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 86

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Крыўдна таксама, што ўсе яны так хутка забыліся пра мяне. Быццам я і не хадзіў у школу, быццам я там нікому і не трэба. Толькі Санька не забыуся. Учора ён прынёс поўныя прыгаршчы жоўтай серкі.

— Дзе ты ўзяў? — узрадавалася бабка.

— А ў мяне цэлая аптэка,— пахваліўся ён.— Трэба, дык і яшчэ прынясу.

— Прынясі,— не адмовілася старая. У яе такі характар — любіць усё мець з запасам. Цяпер бабка Санькавай серкай пудрыць мне рукі і гаворыць, што ўсё ідзе добра.

У той дзень я каля школы затрымаўся даўжэй, чым звычайна. Трэба было дачакацца Санькі. І калі б толькі ведаў, што далей са мной будзе, то абмінуў бы гэтае месца дзясятай дарогай, а не тырчаў на ганку і не заглядваў у вокны, як злодзей.

— Добры дзень, Ваня,— нечакана пачулася за спінай, і мне зрабілася так няёмка, быццам мяне злавілі пад акном чужой хаты.

Павярнуўся — перада мной стаіць Антаніна Аляксандраўна, маленькая, сівенькая, і знізу ўверх зацікаўлена ўглядаецца ў мой твар. У яе руках абярэмак сшыткаў і класны журнал. Відаць, яна і сама не чакала такой сустрэчы і цяпер не ведае, што далей гаварыць.

— Гэта праўда? — нарэшце спытала яна.

— Што праўда? — Я адчуў, як горача запалалі мае вушы.

— Што кінуў школу.

— Ыгы.

— Так,— уздыхнула настаўніца і на хвілінку задумалася. Потым схамянулася і частай шчабятлівай скорагаворкай рашуча загадала: — На, памажы мне занесці дахаты сшыткі!

Вось дык папаўся! I адмовіцца нельга, і ісці неахвота. Зноў пачнуцца ўгаворы-перагаворы, а мне і бацькавых хапае. Не пайду я ў яе хату, няхай не думае. Данясу толькі да парога і аддам.

Да хаты настаўнікаў недалёка. Настаўнікі жывуць побач на ўзгорку, у былым папоўскім доме, даволі ўжо старым, як і тая ж воласць. Летам яго крыху падрамантавалі, але мы ведаем, што ў ім і грубкі чадзяць, і праз вокны дзьме. У калідоры, куды я зайшоў услед за Антанінай Аляксандраўнай, цёмна і сыра. Вось тут і аддам яе ношку.

— Трымай! — апярэдзіла яна, і ў маіх руках апынуўся другі стос сшыткаў ды яшчэ і класны журнал, а ў цемры забразгаў ключ.

Так мне і не ўдалося ўцячы. Каб пазбавіцца ношкі, я мусіў зайсці ў пакой і пакласці яе на стол. Антаніна Аляксандраўна адразу ж папрасіла нашчапаць трэсак, каб падпаліць у грубцы, і зноў нельга было адмовіцца. Давялося зняць шапку і світку.

— А цяпер будзем піць чай,— абвясціла яна неяк зусім па-свойску, быццам гэта было само сабой зразумела з самага пачатку.— Ты любіш чай з сахарынам?

Чай з сахарынам! Хто ж яго не любіць? Хіба ўжо такі пан, якому нічога ў горла не лезе. А ў мяне і пытаць не трэба — я яго люблю, толькі не хачу і піць не буду.