Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 85

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Бацька аж пачарнеў. На яго лбе зверху ўніз пралегла глыбокая складка, густыя калматыя бровы сышліся на пераноссі, сярдзіта заварушыліся вусы. Вярнуўшыся з вайны, ён стаў крыху суровы, маўклівы, не раскідваўся на цёплае слова, паляпае па плячы ці правядзе па твайму віхру цяжкай рукой супраць валасоў і маўчыць. Гэта ў яго вышэйшая мера пяшчотнасці. Гэта трэба яшчэ заслужыць. А зараз ён і зусім хмара хмарай.

— Не,— глуха сказаў бацька.— Ты на другіх не ківай. Другім, можа, хлеба няма каму зарабіць ці мазгі на месца ўправіць, а я магу яшчэ і тое, і другое. Глядзі, хлопец!

Толькі і я не з баязлівага дзясятка. Усе кажуць, што ў бацьку пайшоў і па абліччу, і па ўпартасці. Няхай што хоча робіць, хоць за папругу бярэцца, а на вочы Каці са сваімі рукамі я не пакажуся.

Вечарам, ідучы са школы, да нас завітаў Санька.

— Чаму ты сёння не быў? — пацікавіўся ён. I не паспеў я рота адкрыць, як за мяне адказаў бацька:

— Жаніцца задумаў. Пасылай, кажа, сватоў, і ўсё тут. А ты яшчэ хіба школы не кінуў?

— Не-е,— разгублена працягнуў Санька.

А бабка ўжо як тут была:

— Дык гэта ж хлопец, а то чорт балотны. Бацькі і таго ўжо не слухае.— I летуценна ўздыхнула: — Эх, каб серкі знайсці. Усю б свярбучку як рукой зняло. Толькі дзе ты яе зараз знойдзеш. Хіба ў пекле.

Цэлы вечар ішлі мае з бацькам перагаворы. Гаварыў болей бацька, а я стаяў нерухомы і нямы, як слуп. Ён прасіў, пагражаў і даказваў, што навуку не насіць за плячамі, што хвароба — гэта хвароба, і саромецца тут няма чаго, тут не я вінаваты, а вайна. Час ад часу ён пытаў:

— Ну як?

Я маўчу. I раніцай маўчу. I на другі вечар. Ён усё правільна гаворыць і пра навуку, і пра хваробу, і пра вайну, а разумее не ўсё. Нельга мне ісці ў школу. Там Каця і другія дзяўчаты смяяцца будуць. Мог бы і здагадацца, што не так гэта проста.

Здагадаўся бацька ці не, але адступіўся. Вечарам, думаючы, што я ўжо сплю, яны доўга размаўлялі з бабкай пра маю асобу.

— Празяваў я хлопца,— быццам скардзіўся бацька старой.— Вырас ён тут без мяне. Цяжка цяпер у рукі ўзяць. Ох, цяжка. Вялікі ўжо.

Усё. Маёй вучобе капцы. Бацька злуецца, а Нінка, калі я прыйшоў на брыгадны двор, узрадавалася. Усё ў тых жа вялізных салдацкіх ботах, усё ў той жа ватоўцы, перахопленай у поясе папругай, з чорным ад сіверу тварам, з патрэсканымі губамі, яна памужчынску як з роўным паздароўкалася са мной і сказала:

— Вось і добра. Запрагай свайго Буянчыка.

Дні тры я вазіў са стайні гной да парнікоў і разам з дзедам Мікалаем набіваў ім рамы. Школа мала-памалу пачала быццам бы і забывацца. Толькі калі праходзіш міма з віламі на плячы, нешта балюча заные ў грудзях і зробіцца чамусьці крыўдна і горка. Хочацца падкрасціся да ганка і хоць адным вокам заглянуць у акно. Што яны там робяць без мяне, зноў плаваюць з Мурманска ў Адэсу ці ламаюць галовы над алгебрай? I няхай ламаюць, няхай смяецца цяпер тая Каця. Мне яе ўсмешкі зараз ні ішлі ні ехалі. Я цяпер самастойны чалавек, я пайшоў на свой хлеб і калі захачу, то і курыць пачну. Толькі бацькі пабойваюся.