Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 84

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Усё. Твой карабель патануў. Садзіся.

Калі карабель тоне, гэта значыць, што тонеш і ты, і ніхто цябе не ўратуе, пакуль не вывучыш усё як след. Дар'я Мікалаеўна — жанчына строгая, з ей жарты кепскія. Мы ўсе яе крыху пабойваемся.

А мне такія падарожжы падабаюцца. Я не вяду ўказкай па абшарпанай і тысячу раз заклеенай мучным клейстарам карце; я заўсёды плыву на караблі з ветразямі, забываю пра клас, бачу халодныя хвалі і камяністыя берагі, гарады, як на тых паштоўках з Еўропы, тыграў, сланоў, туземцаў і яшчэ многа ўсяго іншага, што мне хочацца ўбачыць сапраўды. I знайсці дарогу хітрасці вялікай няма.

Але ў апошні час на моры мне таксама не шанцуе: ужо два разы заблудзіўся.

— Што гэта з табой? — дзівіцца геаграфічка і ставіць у класным журнале насупраць майго прозвішча двойку.

А хіба я вінаваты? Мой карабель шчасліва выйшаў з Мурманска, са спадарожным ветрам без прыгод даплыў да Англіі, нягледзячы на густы туман, удала прайшоў праліў Ла-Манш, і тут за маёй спінай у класе нехта хіхікнуў. Гэта мяне крыху збянтэжыла. Можа, не туды паехаў? Азірнуўся — Каця прыплюшчыла адно вока і чамусьці хітра ўсміхаецца. Гэта, напэўна, нездарма. Ці не з маіх штаноў? Бабка іх сёння залатала белымі ніткамі, бо другіх у яе не было. Хаця не можа быць, каб з нітак: я старанна зафарбаваў іх чарнілам.

Вось зноў яны з Сонькай пераглянуліся і пырснулі ад смеху. Можа, з таго, што на перапынку я прычасаў з вадой свой віхор? Дык смешнага тут нічога няма. Калі ты яго добранька не намочыш, дык ён тырчыць ва ўсе бакі, як у вожыка.

Можа, я наогул хлопец смешны?

Пакуль у маёй галаве мітусіліся думкі, чаму тыя каноплі спачатку бярэ смех, а потым кідае ў чырвань, мой карабель нейкім чынам вылез на бераг і спакойна падаўся па гарачых пясках Сахары ўпоперак Афрыкі.

Другі раз зноў праз тую нягодную Глёчыху залез я са сваім крэйсерам аж у Альпы. Вёў-вёў указкай па вадзе, мінуў самае небяспечнае месца, дзе няма ні мора, ні зямлі, а толькі з-пад паперы выглядае рудая марля, а потым азірнуўся — і на табе: забраўся ў горы.

— Твой карабель разбіўся аб скалы! — абвясціла Дар'я Мікалаеўна і грозна паабяцала: — Заўтра зноў спытаю.

I раптам здарылася нечаканае. Я ў школу болей не пайду ні заўтра, ні паслязаўтра. Мяне болей не цікавяць і не хвалююць марскія падарожжы нашай геаграфічкі. I плакатаў на дырэктаравых шпалерах не буду маляваць. Давядзецца Саньку і Каці самім, без мяне. Відаць, мае шчасце такое няўдалае: з вечара клаўся спаць — быццам нічога і не было, а раніцай падняўся — рукi абсыпаны дробным свярбучым макам. Паглядзела на іх бабка і спалохана забожкала:

— А божа ж ты мой! Яна! Паглядзі, Кірыла, што наш хлопец прыдбаў.

— Не можа быць,— не паверыў спачатку бацька, але ўстрывожыўся.— Адкуль ей узяцца?

— Адкуль ей узяцца? — перапытала старая.— Ні мыла, ні рыла. Доўга ей? Паняньчыла ў тую, у царскую, вайну, помню, якая яна.— А потым раззлавалася на мяне: — Адкасніся ты, нячысцік: хто яна ды што яна. Кароста — вось хто...

Толькі гэтага мне і не хапала. Усё меў, а гэтага яшчэ не было. Цяпер я ў школу не пайду ні за якія грошы, няхай хоць азалацяць. Праўда, такія ж рукі і ў Смыка, і ў Мамулі, і ў многіх другіх хлопцаў. Асабліва ў драбязы з малодшых класаў. Але яны як сабе хочуць. Ім, можа, і нічога, калі даведаецца пра гэта Каця, а мне яна і так пячонкі пераела сваімі здзеклівымі ўсмешкамі. Я не хачу, каб яна ведала, што ў мяне на руках. Пражыву як-небудзь і без вучобы. Не ўсім вучонымі быць, як казаў Чыжык. Пайду ў калгас разам з бацькам, а то падамся да Нінкі ў брыгаду. Другія ж хлопцы жывуць без вучобы. Чыжык, напрыклад. I я не памру.