Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 6
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Во і добра,— пахваліла зенітчыц бабка.— А то я думала, што вы там наняліся, ці, можа, каторая прысушыла.
Часта на начлег у нашай хаце спыняюцца салдаты. Адны з фронту ідуць, другія — на фронт. На жалезнай грубцы яны заварваюць чай, гатуюць з канцэнтратаў суп або разаграваюць мясную тушонку — у каго што ёсць. Іншы раз і нам з Глыжкам перападае з іхняй вячэры то сухар, то скібка хлеба з маргарынам, то драбок мурзатага, выкачанага ў кішэні або рэчавым мяшку цукру-рафінаду, які заўсёды пахне тытунём. Часцей за ўсё шанцуе Глыжку і меншым нашай суседкі цёткі Пёклы. А на мяне яшчэ як паглядзяць: хлопец я ладны — магу і так абысціся.
Павячэраўшы, салдаты развешваюць вакол грубкі мокрыя анучы і ўпокат кладуцца спаць на падлозе. Пры гэтым часта жартуюць:
— Салдат, што ты пад бок паклаў?
— Шынель.
— А што пад галаву?
— Шынель.
— А чым укрыўся?
— Шынялём, цётка.
— Ды колькі ж у цябе шынялёў, сынок?
Мы з Глыжкам толькі дзівімся, якая ж цёмная тая цётка: не ведае нават, што ў салдата ўсяго адзін шынель. А бабка разумее гэта па-свойму. Яна ўносіць у хату некалькі снапоў саломы і адбірае ў нас з Глыжкам посцілку. На печы і так чэрці не схопяць.
Салдаты бываюць розныя. Адзін не паспее галаву пакласці і ўжо спіць, а другі ўсё варочаецца з боку на бок, курыць, уздыхае. Я болей люблю тых, хто доўга не можа заснуць. Тут толькі сам не спі — абавязкова пачуеш цікавую бывальшчыну. 3 салдацкіх размоў я ведаю пра вайну ўсё на свеце: як яно было ў абароне і як у наступленні; як яно, калі ідзеш у атаку, і як яно, калі цябе чыркне куляй. Ведаю, як акружылі немцаў пад Сталінградам і куды трэба цэліцца, калі на цябе ідзе іхні танк — «тыгр». Я ўсяго столькі ведаю, што бабка аж дзіву даецца, чаму мяне яшчэ на машыне не возяць. Усе ж разумнікі ездзяць, а толькі дурні пешкі ходзяць.
Многа ў нас перабыло салдатаў, але больш за ўсіх прыйшоўся нам па душы сяржант-танкіст.
Было яшчэ відно. Яшчэ і Санька не збіраўся дамоў, хоць мая бабка і хацела, каб ён згінуў з яе вачэй: ей і без Санькі за дзень галаву натлумілі. I тут яны заходзяць. Сяржант і два радавыя.
— Можна пераначаваць, гаспадынька? — пытаюць, прывітаўшыся.
— Начуйце, людзі добрыя,— дазволіла бабка.— Начуйце. Толькі цесна ў нас. I пухавікоў няма.
Мы з Санькам вачэй не можам адарваць ад сяржанта. Сам высокі, бялявы, а на падбародку і шчацэ скура чырвоная-чырвоная і бліскучая. Такі твар і такія рукі ў аднаго нашага падлюбскага дзядзькі. Па-вясковаму завуць таго дзядзьку Гарэлым. Калісьці, яшчэ ў маладосці, ён на пажары людское дабро ратаваў. А каб зразумець, дзе гарэў сяржант, вялікім здагадзькам быць не трэба: у яго на пагонах маленькія танкі.
Калі вайскоўцы паставілі ў куток карабіны і знялі шынялі, мы з Санькам пераглянуліся. У сяржанта на ўсе грудзі медалёў. Так і звіняць, калі ён ходзіць па хаце.
Нам сяржант вельмі спадабаўся, а мы яму, напэўна, яшчэ больш.
— Ну як, хлопцы, ваюецца? — пацікавіўся ён, сядаючы побач з намі каля грубкі.— Га?
— Ды ваююць нячысцікі,— адказала за нас бабка.— Бацькоў дома няма, на вайне, дык ім воля. Я тут адна вось з гэтымі антыхрыстамі,— паказала яна на нас з Глыжкам, а потым і на Саньку,— а ў гэтага маці ёсць, дык яму і маці — не указ.