Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 4

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Кось-кось-кось!

Мы паздымалі шапкі і, трымаючы іх у выцягнутых руках, рушылі да жарабка. Так я заўсёды лавіў дзедавага Шэрага. Шэры ведаў, што ў шапцы ёсць морквіна, бульбіна ці якія іншыя прысмакі, і ахвотна ішоў насустрач. А тут гэтак не атрымалася. Жарабок недаверліва скасавурыўся на мяне, потым на Саньку і падаўся прэч.

Нягледзячы на худзізну, ён аказаўся даволі жвавым. Быццам бы і не было куды ўцякаць: наперадзе — дрыгва, ззаду — мы з Санькам. Тады жарабок павярнуўся назад і, чвякаючы капытамі па гразі, прабег перад самым маім носам. Санька кінуўся напярэймы, хацеў схапіць за грыву і не паспеў.

— Адзічэў ён, ці што? — здзівіўся мой прыяцель.

Доўга мы ганяліся за жарабком, а той усё не даваўся ў рукі. Мы ўжо збіраліся плюнуць і пайсці далей, шукаць нямецкі самалёт. Няхай тут калее на холадзе, калі ён такі. Але падумаем, падумаем — і шкада. Загіне. Ваўкі нападуць, ці ў балоце ўтопіцца.

Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Ці то ад стомы, ці то ад страху ён аж трымцеў. Падымеш руку, каб пагладзіць па шыі,— спалохана ўскідвае галаву. Не бойся, дурненькі, мы хлопцы добрыя! Мы цябе не пакрыўдзім, паставім у хлявок, дадзім сена. Яшчэ дзякуй скажаш.

Мы начапілі яму на шыю маю папружку ад штаноў і павялі ў сяло. Спачатку жарабок ішоў паслухмяна і толькі ў канцы Сухой грывы раптам страпянуўся, ледзь не вырваўся з рук і заржаў тонка, працяжна. У мяне аж сэрца зайшлося.

— Гэта ён па матцы,— сказаў Санька і ўздыхнуў.— Развітваецца.

Нічога, браток, цяпер не зробіш. Прывыкай жыць сам. Не маленькі. А матку забудзь. Не ўстане яна з тых аглобляў.

Так мы і ідзём дамоў утрох: я, жарабок і Санька. Саньку добра: адной рукой ён трымаецца за папружку, а другой памахвае як хоча. Мне горш: даводзіцца трымаць непадпяразаныя штаны.

Мы ідзём з Санькам і марым. Вось вырасце жарабок і стане такім прыгожым скакуном, які быў да вайны ў калгасе. Здаецца, звалі яго Буяном. Помніцца, як хлопцы-дапрызыўнікі выводзілі яго на поплаў і гарцавалі на ім па чарзе. Уздоўж дарогі яны ўторквалі ў зямлю доўгія лазіны і потым секлі іх шабляй. Даўгагрывы Буян ляцеў, нібы птушка. Такім будзе і наш жарабок. Толькі трэба ваўчкі павыскубаць з грывы і хваста.

Мы вядзём яго па перакапаных траншэямі агародах, міма нямецкіх бліндажоў; вядзём па вуліцы міма пажарышчаў. I хто ні сустрэнецца, кожны здзіўлена праводзіць нас вачамі. А мы шчаслівыя і радасныя. Успомнілася бабульчына прыказка: «Хто там ідзе?» — «Салдат каня вядзе». Наш «конь» спалохана касавурыцца на высокія закураныя коміны, што стаяць уздоўж вуліцы на чорных папялішчах, насцярожана паводзіць вушамі, раздзімае ноздры. Паветра ў сяле пахне мокрым попелам.