Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 5
Iван Kiрэевiч Сяркоў
На Міронавым двары жарабок ледзь не ўпудзіўся. Нечакана побач з сабой убачыў чорнае абгарэлае шула і так кінуўся ўбок, што я не ведаў, за што мне хапацца: за грыву ці за свае штаны. Добра, што Санька не разгубіўся і павіс у яго на шыі.
I добра, што Санька пасля доўгай спрэчкі ўсё-такі згадзіўся весці жарабка ў наш двор. Інакш мне дома было б ад бабкі на абаранкі. «Што? — спытала б яна.— Пакармілі цябе каля самалёта?» А так не паспела спытаць, бо я зайшоў у хату і адразу пахваліўся:
— Баб, каня прывёў!
— А вала ты не прывёў? — не паверыла яна, але ўсё-такі глянула ў акно. I ўсе, хто быў у хаце — свае і пагарэльцы, дарослыя і дзеці,— прыліплі да шыб.
— Гля, і праўда! Конь!
— Як з палону ўсё адно,— уздыхнула бабка.— I чым жа яго карміць?
Дзед Мікалай таксама прыйшоў паглядзець на нашага з Санькам каня. Пакруціў свае сівыя вусы, патаптаўся, пагладзіў жарабка па спіне і сказаў:
— Стрыгунок яшчэ. Калі людзі не знойдуцца, няхай расце.
Нашы з Санькам планы на будучыню стрыгунка дзеду не вельмі спадабаліся.
— Яшчэ што прыдумайце,— бурчаў ён, выскубваючы з грывы калючкі дзядоўніку.— Скакун! Не скакун, а карміцель будзе. Трапіць у добрыя рукі — пакорміць людзей хлебам. А вы хіба гаспадары? Ахламоны вы. Дай вам волю — замардуеце.
Мы пакрыўджана маўчым. I нам ёсць чаго крыўдаваць. Ахламон — гэта чалавек, у якога ў галаве гуляе вецер. Дык няўжо і мы такія? I невядома яшчэ, хто хутчэй замардуе. Мы яго шкадаваць будзем. На дварэ цяпер холадна, і я накрыю стрыгунка нанач старой посцілкай.
— На печ яго з сабой вазьмі,— параша бабка.— А то штаны свае аддай, няхай носіць. Бач ты яго! Посцілку ўбачыў. Болей нічога твая галава не прыдумае?
Але мы хлопцы ўпартыя. Не посцілку, дык мяшок у бабкі ціхенька ўзялі. А на другую раніцу, выпусціўшы з хлява стрыгунка пагуляць, пачалі яго прывучаць да баявога імя.
— Буян! Буянчык! — крычым мы па чарзе з Санькам.
Стрыгунок стаіць сярод двара, кашлаты, худы, панура апусціў галаву, адвесіў ніжнюю губу, а ў наш бок і вухам не вядзе.
Калі хочаш вырасціць баявога каня, трэба набрацца цярпення.
Добра мне, што я Iван
Праз тыдзень-два пасля таго, як мы з Санькам прывялі ў наш двор стрыгунка, фронт пачаў сціхаць. Толькі начамі яшчэ гудуць самалёты і недзе далёка-далёка цяжка вухкаюць бомбы. Наш кульгавы сусед Захар Маляўка, ці, як завуць яго ўсе падлюбцы, дзядзька Скок, гаворыць, што фронт спыніўся на Дняпры і, напэўна, будзе там зімаваць. А дзядзьку Скоку можна верыць: у яго мужчынскі розум. Калі б такі розум нашай бабцы, яна б і бяды не ведала, хутка б знайшла на мяне з Глыжкам управу.
I не так па Глыжку, як па мне сумуе бацькава папруга. Дзень пры дні я прападаю на поплаве за сваім агародам, дзе размясцілася зенітная батарэя. Спачатку мы з Санькам памагалі дзяўчатам-зенітчыцам капаць акопы, а потым закочваць у іх гарматы. Мы ўсё думалі, што за гэта нам дадуць па разу стрэліць. Вось бы добра было! Усе б хлопцы ад зайздрасці паўміралі. Але дзяўчаты — народ несур'ёзны. Калі ўсчалася трывога, нас патурылі з батарэі як міленькіх.