Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 7

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Сяржант, відаць, дзядзька свойскі. Бабцы ён спачувальна паківаў галавой, а калі яна адвярнулася, падміргнуў нам адным вокам. I мы зразумелі так, што ён за нас, ды толькі з бабкай адносін псаваць не хоча. Таму, відаць, і гаворку такую завёў:

— Не па-гвардзейску ў вас, хлопцы, выходзіць, калі так. Выходзіць, хлопцы, што вы свайго камандавання не слухаецеся. Не думаў я.

Тут нават мурзаты Глыжка заўсміхаўся. Наша бабка — камандаванне. Генерал у латанай спадніцы і зашмальцаваным фартусе. А нос у сажы. Спачатку рукамі бралася за чыгунок, потым — за нос.

— Павучы іх, павучы, чалавеча,— папрасіла бабка сяржанта. Яна вельмі любіць, калі салдаты вучаць нас добраму, і заўсёды іх просіць аб гэтым. А нядобраму, як яна лічыць, мы і самі навучымся.

— Разбяромся,— паабяцаў сяржант, сцягваючы з ног боты, і зноў падміргнуў нам, як сваім. На гімнасцёрцы ў яго некалькі чырвоных нашывак. Мы ўпершыню такія бачым. Мабыць, гэта за падбітыя танкі. Колькі танкаў падбіў, столькі нашывак.

— Не, хлопцы,— пакруціў сяржант галавой,— не ўгадалі. Гэта за раненні.

Мы з Санькам вачамі пералічылі тыя нашыўкі і паглядзелі адзін на аднаго. Шэсць штук. Ну і народ у нас! Жывучы. Месца на ім жывога няма, і хоць бы што.

Мне закарцела даведацца: ці гэта толькі вайскоўцам даюць такія нашыўкі, ці могуць і Саньку даць.

Сяржант недаверліва паглядзеў на майго прыяцеля.

— А яму за што?

— Як гэта за што? Няхай паглядзіць.

Санька з ахвотай задраў кашулю, і салдаты з павагай паглядзелі на яго худую спіну, на якой выпіраюць лапаткі і можна пералічыць усе рэбры і пазванкі. Сінявата-белая скура распісана агністымі рубцамі.

— Гэта ў яго пісталет на спіне,— растлумачыла салдатам бабка, але тыя нічога не зразумелі, і давялося ўмяшацца мне.

Ніякага пісталета ў Санькі на спіне няма. Гэта немцы яго так білі. Мы хацелі ісці ў партызаны, знайшлі тры гранаты, а пісталетаў нідзе знайсці не маглі. Тады Санька ўкраў адзін у афіцэра, які жыў у іхняй хаце. А яго злавілі.

— Адным словам, нарабіў бяды і сабе, і матцы,— перабіла мяне бабка.— Тая аж пасівела, бедная. Партызаны знайшліся!

Але, нягледзячы на бабульчыну зняважлівую заўвагу наконт нашай партызанскай вартасці, Санькаў аўтарытэт вырас на вачах. Яшчэ раз паглядзеўшы на голую спіну, сяржант сур'ёзна сказаў:

— А нашыўку могуць даць... Баявыя раны.

I, крыху падумаўшы, дадаў:

— Э-э, ды што тут доўга чакаць! Назарэнка, у цябе там знойдзецца чырвоны шматок?

Той, каго назвалі Назарэнкам, даволі ўжо немалады і, відаць, руплівы дзядзька пачаў корпацца ў сваім рэчавым мяшку, перакладваючы з месца на месца мыла, дратву, новую пару ануч... Знайшоўся там і шматок чырвонай матэрыі. Назарэнка сам адрэзаў ад яго колькі трэба і на нашых вачах зрабіў нашыўку — цот у цот, як у сяржанта.

Санька засаромеўся, расчыванеўся і пачаў аднеквацца, маўляў, ён нічога не хоча, але, калі салдат паклікаў яго да сябе, усё ж такі падышоў.

— Ну во... Бачыш, як добра? — спытаў сяржант, калі Назарэнка перакусіў нітку і павярнуў Саньку тварам да хаты.