Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 3
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Калі я быў малы, дык верыў, што ў Махавым жывуць чэрці. Так бабка казала. Бывала, спытаеш:
— Баб, куды ты?
А яна:
— У Махавое чарцей сляпіць.
Вось і паспрабуй тут знайсці самалёт. Сунуліся мы з Санькам у адно месца — багна; паткнуліся ў другое — грузне пад нагамі куп'ё. Толькі ў абход застаецца ісці. Па Сухой грыве.
Але і на Сухой грыве не так ужо і суха, каб бокам каціцца. Санька не пацэліў скочыць на купіну і набраў поўныя буркі рудой і халоднай, як лёд, вады. Давялося разувацца і выкручваць анучы.
— Нічога, сагрэюся,— падбадзёрыў ён сам сябе, дробна ляска-ючы зубамі.
Нечакана ў кустах мы наткнуліся на лазовы будан, накрыты асакой. Перад буданом невялікая кучка вуголля, недагарэлыя галавешкі, бульбяное лушпінне. Заглянулі ўсярэдзіну — воглае, прымятае сена. Відаць, тут жылі не дзень і не два. Можа, і мой дзед Мікалай. Ён расказваў, што перасядзеў у Махавым усю страляніну, пакуль нашы не прыйшлі. I не адзін ён тут быў: поўнае балота і сваіх, і чужасельскіх. Перад самым прыходам нашых, за адзін усяго дзень, іх агледзелі немцы. Праўда, самі немцы, не ведаючы дарогі, лезці сюда пабаяліся, але адкрылі такі агонь, аж стагнала зямля. Дзедава шчасце, што непадалёку ямка ад бомбы была. Туды і кінуўся стары, проста ў брудную, халодную тарфяную твань. Цяпер кашляе так, што слухаць страшна. Але нічога, кажа: «Калі не памру, то буду жыць».
Чым глыбей мы з Санькам забіраемся ў Махавое, тым часцей нам трапляюцца такія буданы: то накрытыя асакой, то проста з вецця лазы, вялікія і як толькі аднаму залезці. А збітага сёння ўночы нямецкага самалёта нідзе не відаць.
— Нічога! Знойдзем! — не падае духам пасінелы Санька.
— Не мог спытаць у Мамулі? — злуюся я.— Можа, ён і не тут зусім.
Нарэшце мы выбраліся на сухое. Парадзела лаза, сям-там пачалі трапляцца пачарнелыя ад дажджоў копы сена. Значыць, мы цяпер на самай Сухой грыве. Ісці стала весялей, і Санька паспрабаваў нават засвістаць нейкі марш. Але нічога ў яго не выйшла. На холадзе губы сталі неслухмяныя.
I раптам мы спыніліся нібы ўкапаныя. Перад намі ляжаць перакуленыя набок разбітыя калёсы. У паламаных аглоблях адкінуў галаву забіты конь. Амаль побач — глыбокая варонка. I ўвесь мурог навокал густа ўсеяны камякамі торфу.
— Бомба? — спытаў Санька.
— Хто яго ведае,— паціснуў я плячамі.— Мог і снарад.
У сваім сяле мы ведаем кожнага каня. Можам здалёк угадаць, ці гэта Чмышыхіна «кувалда», вымененая ў італьянцаў на ікону Багародзіцы, ці старая кабыла Слепка дзеда Каўрача. А тут глядзелі-глядзелі і не ўгадалі. Не наш, не падлюбскі.
А непадалёку, каля схіленага набок невялікага стажка, стаіць другі конь, жывы, і скубе сена.
— Глянь,— аж не паверыў я сваім вачам.— Што гэта? Прыгледзеліся лепш — і зусім гэта не конь. Жарабок не болей года. Вараной масці. На лбе белая зорачка. Кашлаты, худы. У хвасце і грыве поўна ваўчкоў.
Жарабок таксама нас заўважыў, насцярожыўся, задраў галаву, натапырыў вушы.
— Гэта матка яго, відаць,— кіўнуў Санька ў бок разбітых калёс.— Вось ён тут і кружыцца, не адыходзіць.
— А дзе ж людзі? — спытаў я ў сябра і адразу ж сам зразумеў, што пытанне гэта недарэчнае. Ці мала дзе. Можа, загінулі. Можа, трапілі ў рукі немцаў. А можа, ратуючыся, кінулі воз і ўцяклі. Ці, можа, кабыла, спалохаўшыся страляніны, упудзілася, вырвалася з рук гаспадара і бегла, не выбіраючы дарогі, пакуль не напаткала сваю смерць. Як бы там ні было, жарабок зараз нічый, і яго трэба злавіць.