Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 2
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Бабка аж за сэрца схапілася. I не дзіва: Санька — лепшы свістун на нашай вуліцы. Закладзе чатыры пальцы ў рот ды як дзьмухне — мёртвы падскочыць. А вераб'і месца сабе на вербах не знаходзяць.
— Каб цябе нячыстая сіла свіснула, ідал рагаты,— сказала бабка, а я тым часам выпырхнуў на вуліцу. Калі ўпаў нямецкі самалёт, то хіба ты будзеш думаць пра нейкія там цвікі і аполкі, пра разбураны двор і незасыпаную прызбу? Няхай старая ўжо як хоча злуецца, а бегчы трэба. Не пабяжыш — хлопцы і без цябе паадкручваюць і разбяруць усё самае лепшае, а ты застанешся так, будзеш потым сядзець без нічога.
— Хутчэй! — нецярпліва махнуў рукой мой прыяцель і ўжо на хаду з зайздрасцю сказаў: — Васька Мамуля знайшоў там штось такое, як гадзіннік. Са стрэлкамі.
Нам у твары б'е золкі вецер са снежнымі крупамі. 3-пад ног разлятаюцца пырскі бруднай вады: на дарозе вялікія лужыны — не кожную пераскочыш. Але калі б з неба сыпалася каменне, і гэта б нас не спыніла. Не кожны дзень падаюць за нашым сялом нямецкія самалёты.
Самалёт упаў далека, за Лісінымі равамі ў лазе. Калі пойдзеш па вуліцы, то дасі кругаля ледзь не да хаты бязногага Цімоха, а там яшчэ лугам вярсты тры з гакам. Але цяпер такія хлопцы, як мы, па вуліцы не ходзяць. Дзе гуляе вольны вецер, там і нам ёсць дарога. Нi платоў табе, ні агароджаў, ні парканаў з варотамі. Варта дабегчы да Міронавага пажарышча, потым па двары, ад якога за-сталося адно абгарэлае шула, шмыгнуць у сад, пераскочыць цераз падсечаную снарадам грушу-спасаўку, і ты адразу апынешся на Малахавым агародзе.
Тут немцы выкапалі глыбокі бліндаж. 3 Малахавай хаты яны зрабілі сцены і накат, а парэчкі перасадзілі на насып для маскіроўкі.
3-пад накату выведзена бляшаная труба, з якой валіць шызы дым і ляцяць іскры. Хацелі мы з Санькам зазірнуць у амбразуру, паглядзець, хто там пасяліўся, але нічога не ўбачылі. У амбразуру ўстаўлена шыбка з кавалкаў замурзанага шкла і вісіць нешта па-добнае на фіранку.
За агародамі, у траншэях, процьма пустых нямецкіх гільзаў, большых і меншых, у стужках і насыпам, вінтовачных і ракетных. Але на гільзы мы цяпер і глядзець не хочам. Падумаеш, дабро! Абы толькі была ахвота, дык можна поўны мех назбіраць.
А вось рознакаляровыя тэлефонныя правады — гэта рэч. 3 іх выходзяць цудоўныя каралі. Многія дзяўчаты такія носяць. Шкада, што ў нас часу няма, а то і мы з Санькам пашукалі б правадоў і нарабілі б караляў усім-усім: маёй бабцы, Санькавай матцы, цёт-цы Марыне.
На вочы трапілася нямецкая каска. Санька па-заліхвацку падфутболіў яе нагой. Каска з бразгатам пакацілася з гары ў тарфяны кар'ер, а мы пабеглі далей.
Знайсці самалёт аказалася не так проста. За Лісінымі равамі лазы багата. Можна, не ведаючы, цэлы дзень хадзіць і нічога не выхадзіць. А тут яшчэ асака, куп'ё, балота. Балота славутае — Махавое. Усе нашы Падлюбічы дралі тут мох канапаціць хаты, таму што столькі моху нідзе не знойдзеш. Ідзеш, як па падушках.
Не было таго лета, каб у Махавым не тапіўся конь. Бягуць тады дзядзькі па вуліцы: хто з вяроўкай, хто з ручніком, хто з рыдлёўкай, як на пажар.