Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 22
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Я гляджу навокал і быццам першы раз бачу свет. Нейкі ён новы, радасны і сонечны. Вунь вераб'і купаюцца ў лужынцы, паўскудлачвалі пер'е, смешна трапечуць крыльцамі, зладзейкавата азіраюцца. Вось біцца пачалі. Дзівакі, і годзе — не хапае ім вады.
На карнізе высокай цаглянай сцяны згарэлага дома вісяць доўгія суслы-ледзяшы, з якіх сыплюцца на тратуар частыя кроплі. Адзін лядзяш абарваўся, ударыўся аб каменне і рассыпаўся дробнымі іскрамі.
Насустрач нам ідзе калона палонных немцаў. Цётка звяла Буянчыка з дарогі, і мы разглядаем іх зблізку. Цяпер яны не цокаюць кованымі ботамі, як калісьці, а брыдуць табуном, шоргаюць і шоргаюць падэшвамі па мокрай шашы. Шынялі злінялыя, запэцканыя цагляным і вапнавым пылам. У руках не аўтаматы, а кіркі і ламы. Што — Москаў капут? Забілі вы мяне з Санькам? Замарылі сыпняком? Вось я — жывы і еду дамоў.
Мы разглядаем немцаў, а яны нас. Адны з цікавасцю, што гэта, маўляў, за пудзіла гарохавае на санках сядзіць; другія глядзяць як на пустое месца, глядзяць і не бачаць; а вунь той бялявы, без броваў і вейкаў, пазірае воўк воўкам. Так бы і з'еў, калі б далі волю. У некаторых выгляд самы добразычлівы. Быццам гэта і не яны давалі нам з Санькам выспяткі, лавілі курэй і расстрэльвалі апалчэнцаў і партызанаў. Быццам гэта і не яны гналі з сабакамі цераз наша сяло ўвосень сорак першага скатаваных, галодных, акрываўленых чырвонаармейцаў.
— А морды якія! — заўважыла раптам цётка.— Кажуць, іх кормяць — дай бог нам і на Вялікдзень. Па фунту ці болей хлеба даюць. Гэта ж дай мне на кожны рот па фунту хлеба, дык я і бяды не ведала б з дзецьмі.
— Па фунту хлеба? — не паверыў я. Мне не хацелася верыць. Чамусьці ўспомнілася, як два гады назад жонка Палікарпа прывезла з палону свайго мужа, таго самага Палікарпа, што памёр сёлета ад сыпняку. Мы бачылі, як родзічы заводзілі тады яго ў хату, бо сам ён не мог ісці: адны косці ды вочы. А ім цяпер па фунту хлеба?
— Душа ў нас добрая,— уздыхнула цётка, папраўляючы на Буянчыку вупраж.— Адыходлівая. Хутка зло забываем.
Не, я яшчэ не забыў. Я ўсё помню. I калі б мая воля, дык накарміў бы іх, напаіў і на дарогу даў, каб помнілі.
— Ой, грэх цяжкі,— засмяялася цётка.— Ён бы ўжо даў! Маўчы лепш, давака.
I яна, па-мужчынску прыцмокваючы, тузанула за лейцы.
У хату яна ўцягнула мяне на спіне, як мяшок, і пасадзіла на ўслон. Ад радасці бабка мітусілася туды-сюды, доўга і бесталкова распранала, хапалася то за гузікі, то за хустку, то за падпяразку; не развязаўшы, бралася расшпільваць, не расшпіліўшы, кідалася сцягваць рукаў. Нарэшце ўсе мае ўборы — хусткі, шапка, стары дзядзькаў армяк, світка і паддзёўка — з мяне зняты, звалены на падлозе ў кучу, і старая гаротна пляснула ў далоні:
— А ліха ж ты мае! Ну кашчэй кашчэем! Ці там нясмачна гатавалі, ці мала давалі. Га?
— На жывой касці мяса будзе расці,— супакоіла старую цётка.
Але тая толькі махнула доўгім зашмальцаваным ля печы рукавом «хрэнча». Разумець гэта трэба так: самой бабулі там не было — і толку няма, адна бесталкоўшчына. Хіба ж чужы так дагледзіць, як свой?