Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 21
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Калі мы зноў сустрэліся позіркамі, мне зрабілася ніякавата і неяк трывожна. Мне здалося, што Каця чуць прыкметна ўсміхнулася. Чаго ёй смешна? Відаць, яна даўно вось так, цішком, назірае за мною. А я, чаго добрага, як быў без памяці, стагнаў ці, можа, і плакаў. Яшчэ падумае што-небудзь такое...
Але мае трывогі развеяў доктар. Высокі, шыракаплечы, аж халат на ім не сходзіцца. 3 аблічча круглатвары, малады, вочы ўвесь час усміхаюцца, толькі валасы зусім белыя. Узяўшыся за маю руку, каб памацаць пульс, ён бадзёра спытаў:
— Ну што — будзем жыць, герой? Э-э, ты чаго ж так кісла ўсміхаешся? А ну-тка весялей! — А потым абвясціў на ўсю палату: — Не хлопец, а крэмень! Сапраўдны мужчына. Ні ўколаў не баіцца, нічога!
У мяне аж зайшлося сэрца: усё — будуць пароць. Крадком я паглядваю, якую сястра бярэ іголку, вялікую ці маленькую, і раблю каменны твар. Падумаеш — укол! Чхаць я на яго хацеў.
Я не бачу, я адчуваю на сабе цікаўны позірк сваёй суседкі. Па-мойму, яна зноў усміхаецца. Дык няхай жа не думае тое дзяўчо, каноплі тыя рудыя,— не войкну. Сапраўдныя мужчыны не войкаюць.
А выпіць, не зморшчыўшыся, горкае, нібы палын, лякарства — гэта проста дробязь. Шкада толькі, што яна ў гэты момант адвярнулася і, мабыць, не бачыла, як я храбра каўтануў.
Затое яна войкнула, аж ледзь не заплакала. Паглядзіце — поўныя вочы слёз. I зморшчылася таксама. Дзяўчынкі — што з іх возьмеш? Iм бы толькі цукеркі есці.
Калі сястра сабрала свае бліскучыя скрыначкі і пайшла далей, Каця ціха спытала:
— Табе і праўда не баліць?
— Не,— схлусіў я, не плюснуўшы вокам,— як камар усё адно.
— Калі б мне так,— уздыхнула яна.
Знайшла з кім раўняцца! Мы з Санькам да ўсяго прывыклі, не пестуны якія-небудзь.
I гэтак кожны дзень. Доктар гаворыць, што я — герой, сястра кажа, што я — золатца, і коле мяне ўколамі і поіць мяне горкім, салёным, кіслым і не прыдумаеш яшчэ якім. I кожны дзень я мужна пераношу ўсе выпрабаванні.
Скончылася гэта напрадвесні. Родны, дарагі Буянчык, кашлаты і карослівы, увесь у мыле, той жа дарогай, якой вёз дзядзьку, цяпер вязе дахаты мяне.
— Гэй ты яго, варушыся! — весела пакрыквае цётка Марына, распырскваючы вялізнымі гумавымі бахіламі брудныя вясновыя лужыны. I так мне хочацца хутчэй дамоў, хутчэй убачыць бабку, Глыжку, Саньку, што, здаецца, саскочыў бы з санак і пабег трушком.
А санкі марудна то плывуць па мокрай снегавой кашы, то дзяруць палазамі голы брук. I стараецца стрыгунок, ды воз цяжкі. Чаго-чаго толькі не апранула цётка на мяне, чаго-чаго толькі не наваліла яшчэ зверху, каб, барані бог, не прастудзіўся: і світку, і армяк, і посцілку, пад шапку завязала тонкую хустку, а па шапцы — тоўстую, бабульчыну.
— Гэй! — прыгаворвае цётка.— Адчыняйце вароты, едзе пан крывароты!