Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 20
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Самы меншы цётчын, Коля, спытаў:
— Ну што — прывёз бацьку?
— Прывёз,— кіўнуў я і затупаў цяжкімі дзядзькавымі валёнкамі, каб абабіць снег.
У печы лютуе полымя, яго доўгія языкі ажно скачуць у комін — гатуецца памінальны абед. Убачыўшы мяне, цётка кінула вілкі ў качарэжнік і пляснула рукамі:
— А мой жа ты пляменнік дарагі, а мой жа ты хлопец залаты!
Яна кінулася памагаць мне расшпільваць гузікі на світцы, якія з марозу чамусьці не хочуць расшпільвацца. Быццам апраўдваючыся, цётка гаворыць:
— Набедаваўся гаротнік. Калі ж дзядзька гэты надумаўся паміраць у такое ліхалецце...
I раптам зноў уголас:
— Андрэйка, мой салавейка, на каго ж ты нас пакінуў?
Тут і малыя на печы, быццам па камандзе, зараўлі ўсе разам, свае і залоўчыны. Сама залоўка, высокая і худая жанчына, пабегла на двор распрагаць Буянчыка. Чутно, як яна там таксама галосіць над братам. Толькі мая бабка цяпер ужо спакойная, строгая і разважлівая. Яна сядзіць каля ложка, дзе ў гарачцы кідаюцца двое Марыніных хлапчукоў, і гаворыць:
— Кінь, Марына, сэрца рваць. І-і-іх, дзеўка, яшчэ нагалосішся. Пакуль прыйдуць бабы Андрэя прыбіраць, накармі лепей хлопца. I капні яму там у чарку таго, што капачам прыгатавала. Бачыш, як чалавек сцепаецца?
Я ажно вушам сваім не веру — чалавек! Гэта нешта ў лесе вялікае здохла, што бабка назвала мяне чалавекам. Звычайна я для яе ідал, нячысцік і бязбацькавіч. А тут — чалавек.
— Пi, дурны, пі,— прымушае мяне цётка.— Сагрэй нутро.
У вачах паплыла хата. Кружыцца столь, міска з ячменным крупнікам на стале, кружыцца печ і цётка з віламі ў руках каля печы, кружыцца Багародзіца з лампадкай.
— Еш, пляменнік, наядайся. Хочаш, яшчэ падалью. Ты не глядзі на іх,— ківае яна на прыціхлых дзяцей.— Яны не вымерхаліся.
I мне зрабілася неяк легка і весела. А тут яшчэ цётка хваліць:
— Ах ты, мужчынка наш! Ах ты, дзіцятка мае дарагое!
Канечне, я такі: усё магу зрабіць. Я дужы, я смелы, я кемлівы і разумны-разумны! Гэта не я хвалюся, гэта сам язык хваліцца:
— Вяроўка трэсь, а я ўзяў і... звязаў!
— I сам звязаў?
— Канечне, сам! Я што хочаш звяжу! Я...
— I што гэта за дзіця за такое!
...Прыпякае спадыспаду чарэнь, шуміць у вушах вецер, кру-жыцца ў вачах снег.
— Дзядзькава шапка не згубілася?
— Спі-спі, не згубілася,— супакойвае мяне бабчын голас.
— Іхні Чэрчыль не дурань у пекла лезці. Ён на Іванавым гарбу хоча...
— Спі ты ўжо, Чэрчыль!
Як хавалі дзядзьку, я праспаў. Прачнуўся — нада мной капітан у акулярах, а салдат заносіць у хату насілкі.
Кашчэi гарцуюць
За акном было сонца. За акном расціўкаліся вераб'і. А тут душна і нясцерпна пахне карболкай. На суседнім ложку нерухома ляжыць мужчына з васковым тварам. Яго абступілі дактары і сестры. Яны ціха пра нешта размаўляюць, а пра што, не разбярэш. Быццам бы і не па-нашаму. Калі ўсе пайшлі далей, адна медсястра нахілілася і прасціной накрыла майго суседа з галавой.
3 другога боку яшчэ ложак. Адтуль за мной назіраюць вялікія вочы з доўгімі пушыстымі вейкамі. Калі я павярнуў галаву, вочы сарамліва заплюшчыліся. Па-мойму, гэта дзяўчо. На галаве белая хусцінка, тварык белы, аж празрысты, нават крыху блакітны, а на носе рудзенькія канапелькі. Такія канапелькі могуць быць толькі ў Глёкавай Каці, той самай Каці, якую я даўно недалюбліваў, а пасля апошняй сутычкі ля калодзежа і зусім ненавіджу.