Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 23
Iван Kiрэевiч Сяркоў
А Глыжка вырас — проста дзяцюк. Штаны сталі яму кароткія, рукавы кашулі — таксама. А шыя, як у гусака, доўгая і па-ранейшаму нямытая.
— Лянуецца ўмывацца,— паскардзілася бабка.— Вочы, як той кот лапай, трохі пратрэ, і ўжо ён гатовы, умыўся.
Глядзі ты — ён і «р» вымаўляць навучыўся, так старанна «рэ-кае», быццам Скокаў Калчан, калі яго дражніш.
— Пр-р-рыехаў? — спытаў Глыжка і, нібы не верачы вачам, дакрануўся да майго калена. Хацеў, відаць, падлашчыцца.
— Прыехаў,— пацвердзіў я.
— Ачуняў?
— Ачуняў,— кіўнуў я.
Брат заўсміхаўся. Ён проста не ведае, чым перш-наперш пахваліцца: столькі ў яго новага. Спачатку выцягнуў з кішэні белую алюмініевую гільзу, якой надзяліў яго начлежнік-салдат.
— Глянь, р-р-ракета!
Затым прынёс самаробны канёк — драўляную калодку з драцяным палазком.
— Глянь, Санька мне змайстр-р-раваў.
Пахваліўся новымі зеленаватымі латкамі на каленях: салдацкія. А калі ўжо хваліцца, здавалася, не было чым, адкрыў рот і паказаў туды пальцамі:
— Глянь, новы зуб р-р-расце.
I раптам Глыжка сказаў мне такую навіну, што бабка аж з месца падхапілася, быццам на яе варам лінулі. Здаецца ж, і ціха брат сказаў:
— Мы твой кр-р-рыж Малахам пазычылі.
— Прыкусі язык свой нямыты! — застукала бабка па стале кулаком.
Глыжка прыкусіў, вінавата заплюскаў вачамі. А потым, калі мяне накармілі з дарогі і мы з ім залезлі на печ, я ўсё роўна пра ўсё выпытаў. Аказваецца, па мяне ў бальніцу ездзілі двойчы: першы раз — па мёртвага, а сёння — па жывога.
Першы раз усё выйшла праз Чмышыху, нашу набожную суседку. Тая хадзіла на базар купіць солі, а бабка ўпрасіла яе перадаць заадно мне ў шпіталь два праснакі. Чмышыха праснакі прынесла назад, а разам з імі і «святую праўдачку» пра мяне. «Няма ўжо вашага Івана». Быццам бы праснакоў тых у яе не ўзялі.
Тут бабка і кінулася ў паніку. Цётка запрэгла Буянчыка і паехала ў горад, а старая, нагаласіўшыся, пайшла ў дрывотнік і выцягнула са сваёй хованкі дубовы слупок.
Я помню той слупок. Ён ляжаў пад сцяной, закіданы розным смеццем і трэскамі. Бабка яго даўно для сябе берагла. Аднойчы ў вялікі мароз я сабраўся пасеч яго на дровы, во бяды было! Я, аказваецца, заадно з тым рудым сабакам-паліцэйскім. Той забраў яе уборы на смерць, а я і да крыжа дабраўся. Знайшоў сякеру пад лаўкай.
Цяпер бабка сама выцягнула слупок з дрывотніка і папрасіла салдата зрабіць крыж. I салдат зрабіў. Праўда, на папярочку дубу не хапіла, давялося прыбіць сасновую.
Цётка вярнулася дамоў з пустымі санкамі, вясёлая і радасная:
— Жывы ён, жывы! Крызіс у яго нейкі быў...
Глыжка сказаў, што бабка тады хацела манашку з зямлёй змяшаць, ды цётка не пусціла. Бабка крычала, што Чмышыха сваёй «святой праўдачкай» палавіну жыцця ў яе адабрала.
А потым прыйшлі да нас Малахі. У іх старая памерла, а крыжа зрабіць не было з чаго.
— Пазыч,— кажуць,— нам, Матрона, крыж. Вам жа пакуль што не трэба, калі Іван жывы.
— Няхай ён нам век не трэба будзе,— сказала бабка і не пазычыла, а аддала так, дарма і назусім.
Вось колькі тут было розных падзей, пакуль я глытаў у шпіталі ўсялякую атруту і цярпеў на вачах у Каці ўколы. Толькі і гэта яшчэ не ўсё. Санька таксама прынёс навін цэлыя рэзгіны. Дачуўшыся, што я прыехаў дамоў, мой прыяцель заляцеў у хату так, што бабка падумала, ці не гоняцца за ім па пятах сабакі.