Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 19
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Мае рукі як граблі. Я хукаю на адубелыя пальцы, пляскаю ў далоні, а вяроўкі не звязваюцца. Яны, быццам жалезныя, не хочуць гнуцца. А наўкол чыстае поле, вецер і замець. Ні начаваць мне тут, ні кідаць дзядзьку аднаго і бегчы ў сяло па падмогу. Не, трэба пачакаць, можа, хто будзе ісці ці ехаць. Няма чаго дарма жылы рваць, адпачну трошкі.
Напяўшы на сябе посцілку, якой быў дагэтуль укрыты дзядзька Андрэй, я сеў на санкі. Цякуць цераз дарогу белыя ручаіны, цякуць. Белы, як вылеплены са снегу, стаіць Буянчык... За белым полагам ляжу я на печы. Ляжу і не магу зразумець, дзе гэта бабка ўзяла такой матэрыі. Да вайны, помніцца, такія марлевыя полагі давалі хворым на малярыю. Гэта каб іх не кусалі камары. Быў такі полаг і ў майго бацькі. Дык няўжо ж гэта і ў мяне зараз малярыя?
А спадыспаду так добра прыгравае чарэнь, і ад гэтай пяшчотнай цеплыні па ўсім целе разліваецца прыемная млявасць, не хочацца варушыць ні рукой, ні нагой. Бабка ведае, што гэта такое — лянота. Трэба яе з мяне выгнаць, ды вось шкада — бацькі няма, а сама яна ўжо не падужае.
Яна, як заўсёды, грукае чыгунамі, патэльняй, засланкай. Побач са мной абаранкам скруціўся Глыжка. Спіць ён неспакойна, брыкаецца нагамі і чамусьці крычыць басам:
— Гэй ты! Чаго сядзіш? Замерзнеш!
Расплюшчыў я вочы — няма ні печы, ні хаты. Перада мной стаіць белы, як мельнік, мужчына. Снег на шапцы, на плячах, на бровах, на вусах. Стаіць і злуецца, крычыць, як глухому, засланяючы ад ветру свой твар трохпалай салдацкай рукавіцай:
— Чаго рот разявіў? Жыць абрыдла?
Я толькі тут разгледзеў, што гэта салдат, што амаль побач з маімі санкамі пыхкае шызым дымком санітарная машына. Яна забуксавала ў высокім сумёце. Вакол машыны з рыдлёўкай мітусіцца шафер і праклінае ўсё на свеце. Ляснуўшы дзверцамі кабіны, да мяне рыпае па снезе афіцэр. Здаецца, і знаёмы. Гэта сутулы, даўгарукі, у вялікіх акулярах капітан-медык. Калі Скокавага Лёшку з сыпняком забіралі, і ён тады быў. Эх, і патурыў ён нас з Санькам са двара, беглі — спыніцца не маглі. Казаў, і нас зараз жа забярэ, як разносчыкаў хваробы. А ў яго размовы кароткія. Сыпняк? На насілкі, хату абліць, вопратку — у камеру. Другія просяцца, моляцца — нічога слухаць не хоча. Строгі капітан.
— Жывы? — спытаў ён у салдата.
— Жывы нягоднік,— адказаў той.
Салдат хутка і спрытна звязаў гуж, запрог Буянчыка і звёў маю падводу з дарогі, каб можна было размінуцца з машынай.
— Даедзе? — спытаў у салдата хмуры капітан.
— Даедзе! — супакоіў той.— Тут блізка.
А мне прыгразіў:
— Глядзі ж, каб не садзіўся, а то павязуць цябе з тваім дзядзькам разам.
Буксуючы ў сыпкім снезе, «санітарка» прасунулася міма, падміргнула чырвоным вокам стоп-сігнала і знікла ў густой мяцеліцы. Зноў кагосьці з падлюбцаў павезлі ў тыя баракі. Возяць і возяць — канца-краю не відаць.
Андрэеву хату спалілі немцы. Цяпер цётка са сваімі малымі жыве ў залоўкі. Дзятвы, як і ў нас, поўная печ. Не паспеў я дзвярамі рыпнуць, як яны, нібы стрыжы, павысоўвалі галовы з-за коміна: у залоўкіных — чарнявыя, а ў цётчыных — нібы лён.