Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 15

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Ад такіх думак у мяне засмактала пад лыжачкай. Вельмі шкада, што цуды бываюць толькі ў казках, што толькі з чарадзейнага рога ўсяго многа. Хаця, што гаварыць, і ў жыцці яно іншы раз шанцуе. Я з прыемнасцю ўспамінаю палявую кухню, што з месяц таму стаяла пад вербамі непадалёку ад нашага двара. Тады можна было жыць прыпяваючы. Сяржант-повар даваў нам з Глыжкам кожны дзень па лусце хлеба і дазваляў пасля разданы салдатам абеду выскрабаць кацёл. Дык тэта ж толькі так гаворыцца — выскрабаць, а на самай справе на дне можна было чэрпаць прасяную кашу на поўную лыжку. Іншы раз трапляліся і кавалачкі мяса.

А то, кажуць, у Глёкавай Насці і зараз на пастоі нейкія камандзіры. Вось каму жывецца, дык гэтай Насці з дачкою — паміраць не трэба! Камандзіры ей даюць і крупы, і цукар, і нават кансервы. Насцінай Каці кожны дзень тушонкі перападае. Хацеў я аднойчы адлупцаваць яе ля калодзежа, ды пашкадаваў каноплі тыя рыжыя. Толькі раз за касу тузануў.

Зачыніўшы комін, бабка прысела на ўслоне насупраць акна крыху адпачыць. Яна паклала галаву на прыпол бабе Міронісе, і тая не спяшаючыся расчэсвае ей валасы зломкам касцянога грабянца. Пры гэтым старыя размаўляюць пра жыццё. Вось людзі ў вёсцы мруць, як увосень мухі. Учора Палікарпа з Хутара хавалі. На памінках быў ячменны крупнік і бульбяныя каржы з тоўчанымі каноплямі. Па цяперашнім жыцці такое і на вяселлі не сорамна паставіць. А сёння аж трое хаўтур. Косіць нашы Падлюбічы сыпняк.

Успамінае бабка, што і ў тую вайну, як цара скінулі, такое было. Гэта ўжо так: з вайной прыходзіць і голад, і галеча, і нястача, і нуда. А хваробе толькі гэтага і трэба, тут яна і бярэцца за чалавека.

Гамоняць старыя пра лагер, што зрабілі фашысты для нашых людзей. Вялікія тысячы сагналі яны туды народу і напусцілі на іх сыпняк. Відаць, адтуль і нашы падлюбцы завезлі гэтую пошасць. I не так бабка самой пошасці баіцца, як жалезнай будкі, што ездзіць па дварах, у якіх ёсць хворыя. Возяць яе салдаты-санітары, чапляючы за машыну-палутарку. Тыя ж салдаты абліваюць хаты нечым такім смярдзючым, хоць нос затыкай, а потым пражаць у будцы людскія транты. А доўга іх там зусім спаліць? Вунь у Хоўрынай світцы, кажуць, увесь рукаў сатлеў. У такой спякоце яна ж на порах возьмецца. Хіба яе потым столькі вынасіш?

А я сам сабе ўсміхаюся: многа яны, старыя бабы, разумеюць. Нічога там вельмі страшнага няма. Мы з Санькам самі глядзелі, як Хоўрыну адзежу загружалі. Будка як будка. Дэзінфекцыйнай камерай называецца. Знізу гіечка, а зверху жалезная шафа. Хацелі мы паглядзець, якая яна ўсярэдзіне, але салдат нас патурыў. Чорны нейкі, як цыган, а вочы, быццам асакой прарэзаныя — вузенькія. Выскачыў ён з двара з той пырскалкай, што хаты абліваюць, і закрычаў, быццам мы на міну збіраліся наступіць:

— Ты сюды давай не хадзі! Твой паміраць будзе, мамка плакаць будзе!

Мы з Санькам не з баязлівых. Падумаеш, страх вялікі — паміраць. Няхай яшчэ што выдумае. А чорны салдат раззлаваўся, пырснуў у наш бок тым самым смярдзючым і проста Саньку на штаны. Мусілі мы ад камеры адступіцца.