Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 13

Iван Kiрэевiч Сяркоў

На самым версе адчыняецца яшчэ адно вечка. Во струн там дык струн! Не тое што на Косцікавай балалайцы. I тоўстыя, як драты, і крыху танчэйшыя, і зусім тоненькія. I па ўсіх гэтых струнах малоцяць невялікія малаточкі. Толькі ў адным месцы малаточкі не варушацца — там, дзе сценка прабіта асколкам.

Зноў ад пераправы пайшлі грузавікі, недзе ў хаце бабка, мабыць, ужо выпаліла ў печы і, зачыніўшы комін, разважае з пагарэльцамі пра жыццё, Глыжка заходзіцца ад кашлю. А мы тут іграем на раялі.

— Блім-блям, бом-бум!

Мы з Санькам не можам найграцца. Світка на мне расхрысталася, Санькава шапка спаўзае на вочы, а чорная, прабітая асколкамі скрыня то жаласліва стогне, то сярдзіта і грозна гудзе, то заліваецца тонкім голасам. Нам так радасна, што Санька аж заспяваў:

Фрыц на дзежцы сядзіць, А дзежка з порахам!

Тут і мая душа не вытрымала, тут і я разышоўся на ўвесь Брыдкаў агарод:

Хутка дзежка ўзляціць, Ды разам з ворагам!

У апошні час мы с Санькам нярэдка заводзім песні, і бабка кажа, што выходзіць у нас матыўна, толькі слухаць праціўна. А тут і зусім: мы спяваем свае, а скрыня свае. Нашы галасы глушыць густы бязладны звон. Тэты звон ляціць над панурымі голымі вербамі, над зямлянкамі і губляецца недзе ў туманнай, працятай сырасцю далечы.

— Блім-блям-бум-бом!

«Канцэрт» спыніла старая Брыдчыха. Яна выйшла з бліндажа і загрукала качаргой па накаце.

— От я вам пакажу, нягоднікі! От я вам дам!

Потым старая доўга ўглядалася падслепаватымі, слязлівымі вачамі, намагаючыся пазнаць, чые гэта такія музыкі. Не пазнала і разышлася зноў:

— Каб яны веку не дажылі, гітлеры праклятыя, як яны прыцягнулі сюды гэтую хваробу. Каб у іх і на тым свеце так у вушах званіла, як звоняць гэтыя басякі. Каб ім так сатана абедню правіў. Толькі адных адагнала, на табе — другія прыйшлі званары. Ну пасяку я яго! На трэскі пасяку!

I яна рашуча завярнулася ў бліндаж, мабыць, пайшла па сякеру. Яе агарод — яе і раяль. Пасячэ — і нічога не зробіш, хоць і вельмі шкада: такая бліскучая, такая акуратная рэч і так гучна іграе. Адзін ратунак — дзядзька Скок. Можа, ён і забароніць Брыдчысе рабіць з той скрыні трэскі. Усё-такі начальства.

Скок усё яшчэ тупаў пад вярбой. Але цяпер сусед быў не ў гуморы: болей гадзіны стыў на золкім ветры, а парожняй машыны не трапілася. I тут мы яшчэ прычапіліся са сваей скрыняй.

— Ды няхай сячэ! — не вытрымаў Скок, а потым перадражніў: — Скрыня... скрыня...

Мы пачалі маляваць у паветры рукамі, якое яно, тое чорнае за Брыдкавым свінушнікам, расказваць, якія там касцяныя дошчачкі.

— Дык то ж піваніна ці спеваніна, як яго? — здагадаўся дзядзька і толькі цяпер схамянууся: — Што? На трэскі?

Праз мінуту ён ужо стаяў каля вайсковай падводы і маліўся перад вусатым ездавым.