Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 14

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Таварыш камандзір, а, таварыш камандзір, пасячэ дурная баба на трэскі. Ці ж яно есці просіць, мой татка? А мы яго мо ў школу б паставілі, а мо і клуб калі-небудзь у нас будзе. Вунь, бачыш, танцоры растуць.

I вусач паслухаўся. Ці тут памагла дзядзькава «палітыка», ці тое, што Скок сказаў, якое ён начальства, ці прысутнасць такіх танцораў, як мы,— завярнуў ездавы коней.

Пакуль мы прыехалі на Брыдкаў агарод, старая яшчэ не паспела пасеч скрыню. Праўда, яна ўжо стаяла з сякераю і пра нешта сама з сабою разважала. Скок, нягледзячы на сваю кульгавую нагу, проста выпырхнуў з калёс.

— Ну, чаму не сячэш? — са злосцю спытаў ён.

Брыдчыха ўздыхнула.

— Рука не падымаецца,— адказала яна і кіўнула ў бок таго, што дзядзька называў «спеванінам».— Хоць і непатрэбшчына, а ты паглядзі, як зроблена. Грэх глуміць.

Здагадаўшыся, чаго на яе агарод прыехала вайсковая падвода, старая аж узрадавалася:

— Бярыце, бярыце,— велікадушна дазволіла яна, хоць у яе ніхто і не пытаў дазволу,— вязіце з вачэй далоў. Мне хоць ціха будзе. Хоць званары вось гэтыя перастануць званіць цэлымі днямі.

А калі пачалі грузіць на калёсы, дык ужо нібы і пашкадавала: — Добрая ж такая рэч. Гэта ж каб умеў — такую шафку можна было б збіць або яшчэ што...

Мы з Санькам думалі, што піяніна павязуць у школу, але Скок сказаў, быццам гэта ўсё адно, што кінуць на вуліцы: ні акон там, ні дзвярэй. У суседавай жа хаце і без піяніна няма дзе павярнуцца. Давялося зацягнуць у дрывотнік. Мы з Санькам ужо так памагалі згружаць з калёс, што мне аж палец прышчаміла. А калі ўсё было гатова і мы выбеглі з двара, на поплаве ўдарыла зенітная батарэя. Цікава было б хоць здалёк паглядзець, як там вядуць агонь, ды трэба ісці на луг па сена. У хляве стаіць галодны Буянчык.

Я мужчына на ўсю радню

Стаяць маразы. Снегу намяло па вокны. Дзед Мікалай пасля нядаўняй завеі ледзь выбраўся з зямлянкі — не мог адкапацца. А Глыжка сёння раніцай знайшоў на двары замёрзлага вераб'я. Ён прынёс птушку ў хату, доўга на яе хукаў, грэў перад печчу, клаў у пячурку — усё спадзяваўся, што ажыве. Верабей не ажываў. Тады брат палажыў яго на ўслон, а сам пайшоў шукаць якую анучку, каб цёпленька захутаць небараку. I раптам — кошка! Не паспеў Глыжка і вокам плюснуць, як яна за вераб'я — і пад печ. Эх, і падняўся ж у хаце вэрхал! Малы шпурляў у падпечак тарфіны, грукатаў там качаргой, закінуў туды бабчын дзяркач і маю бахілу, але зладзейка так і не вылезла. Глыжка нарабіў плачу.

Бабка, як умее, стараецца развеяць яго гора:

— Кінь ты, дурненькі, па вераб'ю хаўтуры спраўляць. Іван табе новага, жывога зловіць.

I падміргвае мне вокам, сварыцца на мяне:

— Ты яму зловіш вераб'я ці не, абібок? Колькі табе казаць!

А мне холадна і хочацца есці. Я ляжу на печы, разглядваю столь, смалістыя сучкі на пагабляваных дошках, мудрагелістыя малюнкі распілаванай удоўж сасны. Не пра вераб'я — зусім іншыя мары ў маёй галаве. Вось было б добра, каб паднялася зараз адна дошка і ў дзірку з гарышча зваліўся на печ мяшок з такімі булкамі, якія прыносіла калісьці да вайны мама з горада. Ды няхай бы і са звычайным хлебам, хоць з чэрствым, хоць з цвілым. Вось бы цуд быў: кліча бабка сёрбаць зацірку, а я цэлы бохан на стол — грук!