Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 12

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Добры дзень.

— Здаровы былі, калі не жартуеце,— па-свойску адказаў ён і заскакаў на месцы, стукаючы ад холаду нагой па назе.

Калі дзядзьку абрыдла скакаць, ён наставіў ад ветру каўнер і даволі зычліва растлумачыў нам, што хутка міне кату масленіца, а нам з Санькам — дурніца. Калі нас не пасадзіць за кніжкі — вырасцем пні пнямі. I няхай мы не думаем, што і ён тут ловіць варон, як некаторыя разявы,— ён ловіць машыну, каб прывезці хоць некалькі жэрдак ад разбітага бомбай Ахонькавага гумна, пакуль іх не расцягнулі на дровы. Трэба ж хоць старую школу, былую воласць, прывесці ў нейкі парадак. Так дзядзьку Скоку загадана. Кім загадана, сусед не сказаў. Але мы і самі здагадаліся: яшчэ вышэйшым за яго начальствам.

I як толькі палутарка, ці «студабекер», прытарможвае перад лужынай, Скок жвава кульгае да кабіны і пачынае дудзець, нібы ў дудку:

— Таварыш камандзір, таварыш камандзір! Тут бы пару палак прывезці, мой татка. Страху на дзве мінуты.

Камандзірамі ён называе ўсіх, нягледзячы на тое, ёсць што на пагонах ці няма. Мы з Санькам пасмейваемся: старшыня сельсавета — і не можа адрозніць камандзіра ад радавога. А ён з нас дзіву даецца: выраслі, а розуму не вынеслі. Многа мы, ёлупні, разумеем — гэта ж для палітыкі.

Толькі і «палітыка» Скоку не памагае. Якія там палкі, калі машына гружана снарадамі? Нельга — і баста. Але Скок не такі чалавек, каб адразу адступіць:

— Ды што такое «нельга»? Нельга, мой татка, штаны цераз галаву надзець, а ўсё астатняе — абы захацеў.

Яму зноў кажуць:

— Не прасі, бацька, нельга.

Толькі тады сусед згаджаецца. Ён і сам добра разумее, што тут «такое дзела», але ж спроба — не хвароба, і разводзіць рукамі:

— Нельга дык нельга. Дайце хоць закурыць.

Дарога апусцела, і нам з Санькам стаяць ужо не цікава, тым больш што за Брыдкавым свінушнікам нас чакае нейкая чорная бліскучая скрыня. I мы пашыбавалі далей.

На ўсё нагледзеліся мы з Санькам за вайну — бачылі танкі, самалёты, гарматы розныя, кулямёты, а такой штукі бачыць не даводзілася. Стол — не стол, шафа — не шафа.

— Можа, гэта той самы, як яго? Раяль? — выказаў здагадку Санька.

Можа, і раяль.

А можа, і не раяль. Але ўсё роўна рэч цікавая.

Я кінуў мяшок, у якім яшчэ трэба было прынесці з лугу сена, змёў рукавом з бліскучага вечка снег і адчыніў. Вось дык яно!

— Пайграем? — спытаў Санька і, доўга не думаючы, з усяе сілы ўрэзаў па белых касцяных дошчачках пяцярнёй. Я ажно ўздрыгнуў, так гучна атрымалася.

— Блю-ю-м-м!

3 панурай Брыдкавай вярбы зляцела спалоханая варона і падалася далей ад нас, на балота.

— Бля-я-м-м! — яшчэ мацней ударыў Санька другой рукой. Хто яго ведае, адкуль узялося гэтае дзіва на агародах нашай амаль дашчэнту спаленай вёскі, на агародах, перакапаных і так і наўскасяк траншэямі, пакрытых варонкамі ад снарадаў і мін.

— Бом-м-м! — заракатала яно густым басам, нібы царкоўны звон.

Мы з Санькам думаем так, што ў бліндажы, дзе цяпер жывуць Брыдкі, або ў іхняй хаце, пакуль яна была цэлая, сядзела нейкая важная нямецкая шышка. Салдат такую аграмадзіну з сабою цягаць не будзе: на плячах яе не панясеш. Тая шышка, мабыць, любіла музыку і вазіла гэтую скрыню з сабой, каб было не сумна, каб, настраляўшыся, можна было і пайграць. А можа, думала зацягнуць яе ў сваю Германію, ды прыпякло — і адцуралася. Хопіць з іх, найграліся — цяпер пайграем мы з Санькам.