Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 10

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Я думала, мае сонейка, што памру і добрага слова ад цябе не пачую.

Глыжка нават разгубіўся: то на мяне зірне, то на бабулю і не можа зразумець, чаму гэта яна так мякка сцеле. Можа, бульбянога каржа зараз дасць, ці што? А калі ўгледзеў, што каржом тут і не пахне, дык было позна: пакуль шукаў нагой пячурку, каб ускочыць на печ, дзяркач разы два прайшоўся па яго штоніках.

— А во табе — салдат! А во табе — уласавец!

Трэці раз венік хвасянуў па голай чарэні: «саколік» сядзеў ужо за комінам.

— Вось прыйдзе бацька з вайны, ён табе пазбівае рогі, ідал! — прыгразіла напаследак бабка. Глыжка з-за коміна адказаў ёй доўгім, залівістым кашлем. Знізу яго падтрымаў я:

— Кгу-кгу-кгу!

Фельчара ў вёсцы няма, і лячыць нас некаму. Фельчара расстралялі немцы яшчэ ў сорак першым разам з апалчэнцамі. Па шаптуху ісці далека, ды яна і не пойдзе дарма. I бабка лечыць нас сама.

Калі ў яе адлегла ад сэрца, яна унесла з сенцаў поўны прыпол сухіх ваўчкоў, натаптала іх у шчарбаты чыгун і, заліўшы вадою, паставіла ў печ.

Ваўчковы адвар, на думку бабкі,— першы сродак ад кашлю. Ніякія дактары і ніякія фельчары табе так не памогуць, як ваўчковы адвар.

Я не хацеў лячыцца і пачаў апранацца.

— Ты гэта куды? — стала на парозе бабка.

— Буянчыку сена падкіну.

— Сядзь. Без цябе паклала. Гаспадар знайшоўся.

Бабка ведае нашы конікі. Мы з Глыжкам — вялікія асэсары. Перад намі трэба шапку здымаць, каб пілі такое добрае і карыснае лякарства.

А яно ўжо стаіць на стале і дыміць густой парай, і Глыжку ветліва запрашаюць з печы:

— Злазь, пярхун!

Заадно і цётка Пекла зганяе сваю плойму: Косціка, Мішку, Кацю і Маньку.

Глыжка, каб не піць адвару, знаходзіць сто адгаворак: то яму горача, то яму многа, то ў яго ўжо і кашаль прайшоў, то ў яго жывот забалеў. Нічога — ваўчкі і жывату памагаюць. Ад бабкі не адкруцішся. Яна стаіць над душой і сочыць за кожным глытком. Мы моршчымся ад гаркаты, а бабка толькі дзівіцца:

— Што — не соладка?

Каб паддаць нам ахвоты, яна і сама, хоць і не кашляе, выпівае карэц-другі гаркаватага варыва, ды яшчэ і пацмоквае, быццам гэта ёй мёд.

— Піце, піце, не вычварайце — усё як рукой здыме.

Учора танкісты пачаставалі нас цукрам, і мы адразу ж яго згрызлі. Нам здаецца, што апошні дзень жывём. А вось калі б паслухаліся бабулі, падумалі пра заўтрашні дзень, то цяпер не моршчыліся б.

«Спеванiна»

Санька так надакучыў маёй бабцы, што яна ў свет ад яго сышла б. Не паспеем паснедаць, як ён свішча пад вокнамі. А потым, калі я доўга не выходжу, і сам з'яўляецца на парозе:

— Добры дзень. А бабка яму:

— Сюды, руды,— хлеба дам, а ты, рыжы, пастой там. Даўно бачыліся.

Санька не крыўдзіцца на такую сустрэчу: ён да ўсяго прывык.

Сёння мой прыяцель прыйшоў раней звычайнага і — яшчэ з парога можна бачыць — з нейкай навіной. Па-змоўніцку плюснуўшы вокам, ён паклікаў мяне за печ, і мы зашапталіся. Так і ёсць — Санька знайшоў нешта нябачанае. Яно — чорнае, бліскучае і іграе. На Брыдкавым агародзе за свінушнікам стаіць.

Цяпер мне сысці з хаты — раз плюнуць. Стрыгунок выручае. Прывесці мы яго прывялі, а сена кот наплакаў. Вось бабка і ганяе мяне з мяшком на луг да стагоў. А пакуль той луг, усё сяло аббяжыш.