Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 101

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Дык гэта ён? Ваўкалак?

Калі мы з Санькам выскачылі з двара, у завулку рабілася немаведама што. Ахонька, сплёўваючы кроў, спалохана прыціскаўся да плота. Яго трымалі за рукі двое мужчын, а мой бацька стараўся вырваць у Міністра кол.

— Назар! Назар! — прасіў ён.— Судзіць будуць гэту сволач. Супакойся, кажу я табе. Закон без цябе разбярэцца.

Убачыўшы нас, бацька крыкнуў са злосцю:

— Марш адсюль! А то яшчэ ў гарачцы і вам пападзе.

Нарэшце з двара выйшаў Калдоба, увесь у кастрыцы і павуцінні. Ахонька аж галаву ў плечы ўцягнуў, як убачыў, што ўчастковы вынес.

— Бач, як запакаваў. І змазаць не забыў,— паказаў Максім мужчынам нямецкі аўтамат.— I патрончыкаў прызапасіў. Пад страху, гад, схаваў.

— Мабыць, ён цябе з гэтага тады на цагельні пачаставаў,— сказаў нехта з мужчын.

— Ды пэўна,— згадзіўся Калдоба.

Калі Ахоньку вялі ў сельсавет, мы стараліся трымацца бліжэй да дзядзькі Максіма. I добра зрабілі: Сонька і Каця з Глёчыхінага двара бачылі, як мы вялі таго ваўкалака. Шкада, што Калдоба нямецкі аўтамат не даў нам несці — было б яшчэ лепш.

Мая бабка з усёй гэтай падзеі вельмі дзівілася.

— Во табе і ваўкалак,— усё прыгаворвае яна.— Значыць, пакуль самой не было, па цагельнях бадзяўся, а прыйшла сама — прыляцела і сава. Гэта ж колькі ён прасядзеў пад печчу? Два гады?..

Даведаўшыся, што знайшлася Міністрыхіна супонька, старая ў мяне спытала:

— А мой хрэнч ты там не бачыў?

I нас праводзiлi з песнямi

Прыезджы фатограф зняў наш клас на памяць аб заканчэнні сямігодкі. Цэлы тыдзень мы з нецярплівасцю чакалі картак. Асабліва хваляваліся дзяўчаты. Але, па сакрэце кажучы, і нам з Санькам карцела хутчэй паглядзець, што мы там за прыгажуны.

I вось паглядзелі. Ленш за ўсіх выйшлі дзяўчаты. У кожнай, як гэта гаворыцца, губы банцікам. Сонька пусціла на лоб сімпатычны завіток валасоў, у Каці аднекуль радзімка на шчацэ ўзялася, якую проста так, не на фотакартцы, сярод вяснушак і не заўважыш. Ганка Пыршава выставіла напаказ руку з сестрыным гадзіннікам. Умеюць падпусціць форсу.

А хлопцы, хлопцы! Кожны быццам аршын праглынуў: такія важныя, такія строгія. Смык сычам надзьмуўся.

Хлопцы стаяць, дзяўчаты сядзяць ніжэй, у цэнтры — настаўнікі, а мы з Санькам ляжым галава да галавы і сваім несур'ёзным выглядам псуем урачысты момант. Мы забыліся намачыць вадой свае чубы, і яны натапырыліся ва ўсе бакі. Санька, каб не зарагатаць, скрывіўся, быццам зялёную антонаўку ўкусіў, а ў мяне ўсе зубы блішчаць на сонцы. На нас напаў дурнасмех. Калі фатограф схаваўся пад чорную матэрыю за апаратам, мы ўспомнілі, як наш Глыжка ў маленстве хаваўся ад казы-дзеразы пад бабульчын фартух.

Адным словам, была б добрая фотакартка, каб не мы з Санькам. Бабуля дома на яе паглядзела і паківала галавой:

— Усе людзі як людзі, а вы і тут ветрагоны.

А бацька, задаволена хмыкаючы, доўга вывучаў мае пасведчанне. Няхай, няхай чытае — там ніводнай тройкі, апрача як па спевах, бо я калі заспяваю, дык здаецца, што барана рэжуць. Але ў спевакі мне не ісці.