Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 100

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Уцякаць нам з Санькам было позна — грукнула клямка. Давялося легчы там, дзе сядзелі, у крапіву. Па сцежцы паўз нас прасунулася Чмышыха, вялізная і цяжкая, як стог. Крыху пачакаўшы, пакуль усё сціхла ў двары, мы таксама рушылі па хатах.

Ідзём, скрабём апечаныя крапівой рукі і ногі, ламаем галовы і нічога зразумець не можам, што гэта за брат такі ў Чмышыхі? Калі ён і сапраўды ёй брат, дык і жыў бы ў сястры, а то зашыўся ў нейкую юдолю. I што гэта за юдоля?

На другі дзень, яшчэ да снедання, успомніўшы начную размову ў Ахонькавым двары, я сляпіцай прыстаў да бабкі з роспытамі пра Чмышыхінага брата.

— Які брат? — здзівілася бабка.— Няма ў яе ніякага брата.

— Ну як жа? — умяшаўся бацька.— А Піліп?

— Той, што ў чужое сяло ў прымы сышоў? — перапытала бабка.— Дык няма яго. Ад сыпняку пазалетась памёр. Сама яна казала.

— А вось у Ахоньчыхі жыве яе брат Яўсей,— сказаў я.

Бацька толькі рукой махнуў:

— Разбярэш іх, гэтых святых. Яны ўсе адзін аднаго братамі і сёстрамі называюць. У іх мода такая.

— А што такое юдоля? — звярнуўся я ўжо да бацькі.

— Юдоля? — задумаўся ён і пачаў успамінаць, як гэта ім калісьці поп у класе гаварыў. Быццам бы тое, што і доля, толькі крыху не тэкая. А мы з Санькам думалі, што гэта падзямелле якое-небудзь з сараканожкамі. Словам, без папа і не разбярэш. I навошта гэта мне? Можа, і я ў папы збіраюся пасля сямі класаў?

Давялося ўсё расказачь, што мы з Санькам чулі пад Ахонькавымі варотамі. Толькі чаму нас там, як бабка кажа, нячысцікі насілі, я не прызнаўся. Бацька, які да гэтага разглядваў падэшву свайго падранага бота і прыкідваў, куды б гэта яшчэ забіць хоць адзін цвік, падняў галаву.

— Та-ак! — зацікаўлена працягнуў ён.— Не шкодзіла б на таго «брата» паглядзець.

— Трэба ён табе! — накінулася на яго бабка.

— Ды мне ён не трэба,— адказаў бацька.— А Калдобе, можа, і спатрэбіўся б...

Я проста не ведаю, што і думаць.

На «брата» Яўсея сапраўды не шкодзіла паглядзець. Яго ўзялі проста сярод дня, у нядзелю. Ахоньчыха нарабіла ляманту, і да яе хаты збеглася паўвуліцы. Мы з Санькам прышыбавалі туды, калі Калдоба, цяпер ужо ў міліцэйскай форме, вывеў з дапамогай мужчын «святога» на вуліцу. Усе ажно ахнулі:

— Ахонька!

Мы яго спачатку дык І не пазналі: вялізная, ускудлачаная барада, на галаве патлы да плячэй, і з гэтай суцэльнай кудзелі валосся бліскаюць спалоханыя злосныя вочы.

Цікаўныя бегалі ў хату паглядзець, дзе ён хаваўся. Не абышлося там і без нас. Хата як хата, даволі чыстая, прыбраная. На сцяне плакат, намаляваны каляровымі алоўкамі: «Бог ёсць любоў». А пад печчу глыбокая, як склеп, яма. I сцены ў яме абкладзены цэглай, нават пабелены. На дне пасцель: коўдра і сяннік. На коўдры тоўстая, зашмальцаваная кніжка. Санька сказаў, што Біблія. I сараканожак, на якіх «брат» скардзіўся Чмышысе, сапраўды багата. Вось яна якая, Ахонькава «юдоля». Калі маснічынамі закрыеш, дык сто гадоў не здагадаешся.

Міністрыха, Назара Міхейчыкавага жонка, угадала ў сенцах сваю супоньку, якой перавязана была кашолка, кінутая пры ўцёках ад ваўкалака. І загаманіла вуліца: