Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 99

Iван Kiрэевiч Сяркоў

3 Ахонькавага завулка адна за адной пацягнуліся ўжо і багамолкі. Усё жанчыны ў гадах, маўклівыя, панурыя, у чорным адзенні. Нарэшце ў хаце патухла святло, і стала зусім ціха. Непадалёку ў чыімсьці хляве пракрычаў сонны певень.

Санька першы заўважыў тых, каго мы так доўга і цярпліва пільнуем. Ён вызверыўся на мяне і замахаў рукамі, каб я перастаў балбатаць, а то, маўляў, спужну. У мяне аж сэрца замерла.

Каця і Сонька ішлі абняўшыся і ціхенька спявалі. Спявалі пра Васіля, які ўсё сена касіў, пра ўдаву, якая умела чараваць, і пра маці, якая не дазваляла ўдаву браць. Санька вынырнуў перад імі так нечакана, што дзяўчаты спалохана піскнулі на ўсю вуліцу і так кінуліся наўцёкі — на матацыкле не дагоніш. Глёчыхіны веснічкі з бразгам зачыніліся перад самым маім носам, ледзь я лоб сабе не растоўк. Што тут будзеш рабіць? Пастаяў, паслухаў, як Каця паспешліва замыкае на засаўку сенцы, уздыхнуў і падаўся назад. Санька ўжо чакаў мяне пад вербамі. Называецца — праводзілі.

А як ісці дамоў, калі праз два двары Юрка Калдоба сядзіць на прызбе з Пыршавай Ганкай? Мы ведаем, што яны там кожны вечар сядзяць. Будзеш ісці міма, а той падэспаньшчык спытае:

— Хлопцы, чаму вы так рана? Не шанцуе?

Лепш мы яшчэ тут пасядзім якую гадзіну, а потым ужо — рукі ў кішэні, засвішчам і пойдзем. Ведай, маўляў, нашых. Не лыкам шытыя, хоць і без бліскучых пагонаў.

А нудна ж сядзець проста так. Лічы цяпер зоркі на небе, бі настырных камароў на сваей шыі. Калі б хоць сланечніку, што за Ахонькавым плотам, галаву скруціць, дык сядзелі б ды семкі лузалі.

— Давай скруцім! — рашыўся Санька. Ён нават стаў нагамі на лаўку, але тут у двары нехта грукнуў клямкай. Не спіць яшчэ багамолка, відаць, нанач замыкаецца.

Ахонькава хата не на вуліцы, як усе, а ў глыбіні саду. Да двара вядзе вузкі, як толькі праехаць калёсам, завулак, над якім навіслі галіны старых яблынь. Ідзеш па завулку, як па цёмным калідоры.

Падкраўшыся да варот, мы прытаіліся і праз шчыліны паміж дошак пачалі ўглядацца на двор. Амаль побач пачуўся хрыплы голас. Той, хто гаварыў, мабыць, сядзеў на прызбе.

— О-хо-хо,— цяжка ўздыхнуў ён.— Сілы не хапае, сястра Маўра, несці крыж у гэтай зямной юдолі. Сырасць, сараканожкі бегаюць.

Мужчынскі голас нам незнаемы і быццам бы знаёмы. А жаночы мы адразу пазналі. Так можа гаварыць толькі Чмышыха, цягуча, лісліва, словы ў яе, як патака, ліпкія і салодкія.

— Усё ад Бога, брат Яўсей, і цярпі са смірэннем, як цярпеў Хрыстос, без наракання. Усе праведнікі былі вялікімі мучанікамі. Пісанне чытай, не паддавайся спакусе д'ябла. Вялікую надзею на цябе Бог ускладае. Чую я сэрцам — святым угоднікам будзеш.

Мужчына нешта прабубніў, але так ціха, што мы з Санькам не разабралі. Яго адказ чамусьці ўзлаваў Чмышыху, яна раптам загаварыла сурова і ўладна:

— Тады ідзі! Пакланіся антыхрысту! Думаеш, ён даруе табе? Яшчэ раз кажу — адзін Бог літасцівы даруе, усё ў яго руцэ. У малітве і посце шукай ратунку. Вось табе і ўвесь мой сказ. А цяпер ідзі, падыхаў і ідзі. Мне таксама пара на спачын.