Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 102
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Садзіся, сын, пагаворым,— нарэшце запрасіў мяне бацька за стол, і па тым, як гэта было сказана, як нервова барабанілі яго пальцы, я адразу зразумеў, што размова будзе мужчынская.
Бацька, мабыць, не ведаў, з чаго яму пачаць, усё круціў у руках паперыну, кашляў у кулак, нарэшце кінуў у мой бок з-пад густых броваў хуткі позірк і спытаў:
— Ну, куды ты думаеш далей падацца?
Куды падацца, мы з Санькам ужо даўно надумалі. Зразумела, не ў восьмы клас. Пра гэта і гаварыць не даводзіцца. Бухнула праз вайну наша з Санькам дзесяцігодачка. Калі яе цяпер адкрыюць, невядома. Ды каб і адкрылі, дык што толку? 3 усяго нашага вялікага сяла ды яшчэ з многіх пасёлкаў на фотакартцы сёмага класа ўсяго шаснаццаць чалавек. I гэтыя разбягуцца хто куды. Няма каму ў нас вучыцца ў восьмым класе, хоць ты яго адкрывай, хоць не адкрывай. А ў горад не набегаешся: ні штаноў людскіх, ні абутку. Ды і не векаваць жа на бацькавай шыі.
— Ты паслухай мяне, дурнога,— зноў загаварыў бацька.— Сам я ўсяго тры зімы ў царкоўна-прыходскую школу пахадзіў, а на чацвёртую твой дзед-нябожчык мяне не пусціў. Хопіць, сказаў, лапці драць. Тады такі час быў: вучыся — не вучыся, а калі ты ад касы, то к касе і прыйдзеш. Цяпер, як гэта ў песні гаворыцца, маладым усюды ў нас дарога. Толькі што гэта за дарогі пасля вайны, ты сам бачыш. I дастатак наш бачыш: што ў нас, тое і на нас. Вепручка прадалі, бо на карову трэба разжывацца. Круці як хочаш... Вось я табе і раю. Не ганю ў шыю, а толькі параду даю: ідзі пакуль што працаваць. Зарабі хоць сам сабе на нейкі касцюм, і то мне лягчэй будзе. А там гармонік захочаш. Я разумею, хлопцу трэба. Заробіш — купляй. А калі ў салдаты пойдзеш, яно само пакажа... Пойдзеш вучыцца — ідзі вучыся. Толькі прама табе скажу — не памагу. Кароткія ў мяне штаны. I яго вунь трэба яшчэ і расціць, і вучыць,— кіўнуў бацька на Глыжку, а потым і на бабку,— і яна ўжо не работнік.
— Ты толькі па мне яшчэ дужа не журыся,— не вельмі ветліва азвалася бабка ад печы. Бацька прамаўчаў.
Касцюм і гармонік — гэта вельмі добра. Важнай быў бы асобай на пагулянках у Язэпіхі... Толькі мы з Санькам пойдзем вучыцца на афіцэраў.
— На афіцэраў? — здзівіўся бацька.
— На афіцэраў.
— Што ж, добра,— згадзіўся бацька.— Толькі глядзі: вайсковая служба — не дружба. Думает, што начэпіш пагоны і ўжо ты пан-барон? Не, брат, давядзецца і мазаля панасіць, і потам умыцца, і начальству ўважыць. Адно скажу — будзеш чалавекам.— А потым не то жартам, не то сур'ёзна папрасіў: — Выб'ешся ў чыны, у палкоўнікі ці ў генералы, дык не забывай ужо і нас грэшных з бабай.
— Не бойся, не забуду,— запэўніў я.
— А-а,— махнуў рукой бацька.— Усе так гавораць, а потым не паспее другі зямлю з-пад кіпцяў павыкалупваць, а ўжо бацькі з маткай не пазнае. Сусед — і не падыходзь!
«Наша» вучылішча недалёка, у горадзе, дзе раней сыпняковы шпіталь быў. I ідзём мы туды яшчэ не назусім, а толькі здаваць экзамены. Таму і праводзін асаблівых няма. Можа, яшчэ назад прыбяжым. Бабка з новага жыта спякла мне праснак і загарнула ў чыстую анучку. Гэта на дарогу. Ды і там, мабыць, нас яшчэ прысмакамі частаваць не будуць. Санька напакаваў у процівагазную торбу яблык. I вось мы выйшлі на вуліцу. Бабка за веснічкамі за рукаў спыніла.