Читать «Мы — хлопцы жывучыя» онлайн - страница 98

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Давай-давай, мой татка! Не лаві варон, ёлкі-маталкі ў нашай Наталкі!

Добра, што хоць пас часта рвецца. Пакуль яго сшываюць, можна, зашыўшыся ў салому, і крыху падрамаць.

Раніцай, вяртаючыся з малацьбы, мы з Санькам ідзём па вуліцы, не спяшаючыся, ціха, спакойна. Калі хутка прабяжыш, дык хто ж убачыць, што ты ноччу, калі ўсе спалі, малаціў? А так, жанчыны, кароў выганяючы з двара, правядуць цябе ўслед соннымі вачамі. Дзяўчына па ваду да калодзежа выскачыць — глянеш на яе, яшчэ непрычасаную і заспаную, як працоўны чалавек на дармаеда. Мужчына сустрэнецца — паздароўкаешся, як з роўным, за руку. Не, спяшацца дамоў з малацьбы ніколі не варта, калі хочаш, каб усе ведалі, адкуль ты ідзеш.

Але малоцім мы не кожную ноч. Мы не двухжыльныя, і пагуляць нам хочацца вечарам, тым больш што і танцаваць асмеліліся. Праўда, вальсы і полькі не вельмі ў нас выходзяць, круцімся толькі ў адзін бок. Але нічога, падрасцём — і ў другі бок пачнём круціцца. Не ўсё адразу.

Вось каб асмеліцца яшчэ і правесці каторую пасля танцаў дахаты. Тады б Юрка-артылерыст так не задзіраў перад намі нос. I я думаю, што ў нас гэта павінна атрымацца. Не трэба толькі ад самай прызбы, дзе ідуць танцы, пачынаць тыя праводзіны. Там усе ўбачаць, Каця з Сонькай засаромеюцца і ўцякуць. Лепш нам забегчы ім наперад, дачакацца, калі яны будуць вяртацца дамоў, выйсці неспадзявана насустрач і сказаць:

— Добры вечар. Вам у які бок? У той? Значыць, па дарозе.

А потым зрабіць выгляд, што нам сапраўды проста па дарозе, і прайсціся. Яны і не здагадаюцца, што гэта мы знарок.

Вось з такою задумай Санька і я сядзім у Ахонькавым завулку пад плотам. Месца для засады выбралі добрае: і міма не пройдуць, і нас з Санькам да пары не ўбачаць. Толькі заселі, відаць, ранавата. Чакаем-чакаем, а па сяле ўсё гудуць гулянкі. Цокае каля Язэпіхі бубен, грукае пад абцасамі мост на шашы, сям-там чуюцца дзявочыя прыпеўкі.

У Ахонькавай хаце цьмяна свецяцца шыбы і, калі прыціхае далёкі гармонік, з хаты даносяцца глухія, працяжныя спевы.

— Усё моляцца,— кіўнуў на вокны Санька.— Відаць, мужавы грахі Ахоньчыха замольвае.

Ахоньчыха з дзецьмі вярнулася ў сяло мінулай восенню. Як з'ехала са сваім крывароцькам-паліцэйскім, дык, лічы, амаль год не было. Людзі, што займалі яе хату, пакуль не было гаспадароў, сышлі з двара, і Ахоньчыха жыве цяпер сваей сям'ёй.

Раней яна суседзям рота не давала адкрыць, а цяпер зрабілася ціхая і такая добрая, хоць ты да раны прыкладвай. Кожнаму ўважыць і ўступіць.

Пыталіся ў яе і пра Ахоньку. Кажуць, следчы прыязджаў, ды і бабы іншы раз ля калодзежа загавораць:

— Што, Насця, не чуваць мужыка?

— Не чуваць,— уздыхае Ахоньчыха.— Не чуваць. Няма яго ўжо даўно, мабыць...

— А можа, у Германіі ў прымы прыстаў?

— Ды хто ж яго ведае, дурня.

А багамолкай Ахоньчыха зрабілася такой, што, мабыць, і Чмышысе далека скакаць. Бацька казаў: нейкая баптыстка. Цяпер у яе хаце царква — не царква, касцёл — не касцёл. Хто яго ведае, як гэта ў іх называецца.

3 поплаву пацягнула сырасцю, на траву легла раса, зрабілася даволі ядрана. Так можна і адубянець, чакаючы, пакуль скончацца тыя танцы. Ранавата ўсё-такі мы сюды забеглі.