Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 6

Святлана Белая

Семяноўскі піша, што чакаў “убачыць адзнаку грамадскай ролі” свайго скандальнага, нікчэмнага часопіса, але знайшоў іншае. З прынцыповасцю Максім Багдановіч абвінавачвае «Микроскоп» у служэнні капіталу, у яго залежнасці ад грашовага мяшка. I яго словы прыйшліся не па густу Семяноўскаму. Той спрабуе белымі ніткамі залатаць факты беспрынцыпнасці часопіса. Адначасова схіляецца перад прыемнымі яму кяіентамі. I адыходзіць ад галоўнага пытання Багдановіча: “Чаму «Микроскоп» так хутка мяняе тон у адносінах да адных і тых жа асоб?”

Назва рэдактарскага артыкула як нельга лепей падыходзіць да часопіса Семяноўскага. Падладжваючыся да карысных яму людзей, ён узводзіць паклёп на іншых. Заканчваючы «Расшаркивающиеся лжецы» словамі “Мы не настолькі ўражаны матэрыялам п. Багдановіча, каб апусціцца да сур’ёзнай з ім палемікі”, − Семяноўскі пярэчыць сам сабе. Калі б рздакцыйны гонар не быў зачэплены “Жоўтымі кветкамі”, не змясціў бы рэдактар яшчэ дзве публікацыі. Іх аўтары (псеўданімы Дэман і Южанін) недалёка адыйшлі ад свайго патрона па падмене фактаў. А па паклёпу нават пераўзышлі. Асабліва Южанін, які, будучы зусім незнаёмы з Максімам Адамавічам, піша: “П. Багдановіч здзіўляецца, адкуль мы раней ведалі, што М. Мурамцаў — прэм’ер, першы герой-палюбоўнік, а п. Максімава вядомая правінцыяльная артыстка з амплуа маладой гераіні. I што за ўсё цікавей, − гаворыць ён, − напісана гэта у той час, калі новая трупа П. Каралі не паспела яшчэ даць ніводнага спектакля.

Для п. Багдановіча гэта, праўда, вельмі вялікі сакрэт.

Бо чалавек зусім не знаёмы з тэатрам, і, як ён мне сам прызнаўся, быў у тэатры толькі раз і тое 10 гадоў назад”. (Як вядома, Максім Багдановіч выхоўваўся ў сям’і, дзе тэатр вельмі любілі. Бацька, Адам Ягоравіч, у Гродні з’яўляўся прадстаўніком таварыства драматычных пісьменнікаў і оперных спевакоў. Сам Максім Багдановіч не прапускаў ні аднаго значнага спектакля ў Волкаўскім тэатры, аб чым сведчаць успаміны яго сяброў у кнізе “Шлях паэта”.

Не, што ні кажы, але такая хлусня, зашмат нават для прадажнай “жоўтай” прэсы. “Сумотным” назваў Багдановіч у сваім памфлеце такі ўпадак друкаванага слова.

Выпадак з «Микроскопом» яскрава адлюстроўвае тую барацьбу дэмакратычнай і “жоўтай” прэсы, якая ішла у журналістыцы пачатку XX стагоддзя. Акрамя таго, артыкулы ў часопісе − першыя, вядомыя на сённяшні дзень водгукі на крытыку М.Багдановіча. Сам ён добра ведаў не толькі паплечнікаў па пяру і ідэйных ворагаў, але і звычкі прадажнай журналістыкі, бескампрамісна выступаў супраць яе, выяўляючы зноў жа высакароднасць і чысціню сваёй натуры.

У названым вышэй памфлеце праявіліся такія рысы Багдановіча-крытыка як прынцыповасіць, непрыманне хлусні і падману, мужнасць. А яшчэ памфлет яскрава сведчыць аб тым, што крытык Багдановіч меў сваю ўласную пазіцыю, погляды на жыццё, свае ідэалы і прынцыпы.

Карацей кажучы, ён быў чалавекам са сваёй праграмай.

РАЗДЗЕЛ ІІ

Русавалосы, з блакітнымі вачыма паэт-юнак, у якога, як пісаў у сваім артыкуле А. Пагодзін, “праглядвае пяшчотная, асабліва інтэлігентная душа, і яе філіграннасць можа прадвызначыць развіццё”. М. Багдановіч − адна са звычайных з’яў, − піша далей аўтар, − якія спадарожнічаюць нацыянальнаму абуджэнню народаў: тонкая і чуйная натура, ахопленая імкненнем вярнуцца да прыніжанага і забытага народа”.