Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн

Святлана Белая

Святлана Белая

Максім Багдановіч — крытык

УВОДЗІНЫ

Вядома, што крытыка − тая галіна духоўнай дзейчасці чалавека, якая болей за іншыя фарміруе грамадскую свядомасць. Так было ва ўсе часы. Але яе роля значна ўзрасла ў наш бурлівы час перабудовы. Эпоха галоснасці аказалася жыватворнай для літаратурна-мастацкай крытыкі. У яе атмасферы з’явілася шмат значных крытычных твораў. Аднак стан самой крытыкі, як і адносіны да яе, супярэчлівыя. Адчуваецца размытасць крытэрыяў, паспешлівае адмаўленне ад мінулых набыткаў. “Галасы сталі гучней, а рэзананс цішэй. Галасоў стала болей, а водгукаў меней” − так ахарактарызаваў сённяшнюю літаратурна-мастацкую крытыку Л.Аннінскі. Таму адчуваецца асаблівая патрэба ў звароце да тых, хто стаяў у вытокаў літаратурна-мастацкай крытыкі, закладваў яе асновы. У Беларусі адным з такіх быў Максім Багдановіч. У яго спадчыне сённяшні крытык знойдзе высакародныя прыклады абароны праўдзівасці і народнасці літаратуры, аналізу твораў па законах мастацтва, мужнасці ўказаць на недахопы аўтарытэтаў, падтрымкі пачынаючых аўтараў.

Лёс дараваў Максіму Багдановічу вельмі кароткі адрэзак часу для творчасці. Пры яго жыцці сучаснікі адзначалі толькі паэтычны талент Багдановіча. Яго называлі выдатным паэтам, ставілі ў адзін рад з Янкам Купалам і Якубам Коласам (такую высокую ацэнку яго паэзіі даў польскі пісьменнік У. Рагоўскі ў 1914 годзе. Але Максім Багдановіч быў і арыгінальным літаратурным крытыкам. Аб гэтым баку яго дзейнасці доўгі час было мала вядома грамадскасці.

Да рэвалюцыі ў афіцыйным друку яго назвалі крытыкам толькі аднойчы. Гэта адбылося так. У 1915 годзе ў Маскве выйшла другое, дапоўненае і перапрацаванае, выданне трэцяга тома вядомага рускага прагрэсіўнага бібліёграфа М. А. Рубакіна «Среди книг. Опыт обзора русских книжных богатств в связи с историей научно-философских и литературно-общественных идей». М .Рубакин ствараў сваю крытыка-бібліяграфічную працу “для камплектавання агульнаадукацыйных бібліятэк і кнігарань”. Аўтар акцэнтаваў увагу на нацыянальным пытанні ў царскай Расіі. У выглядзе асобных артыкулаў М. Рубакін дае лаканічныя агляды нацыянальнага руху і развіцця культуры ўкраінцаў, беларусаў, палякаў, літоўцаў, армян, грузін, фінаў і яўрэяў, што жылі на тэрыторыі Расійскай Імперыі.

У артыкуле “Беларускае нацыянальнае адраджэнне” М. Рубакін знаёміць чытача з гістарычным лёсам беларускага народа і з развіццём яго літаратуры, даючы кароткія звесткі пра кожнага пісьменніка. Пра Багдановіча чытаем: “Максім Багдановіч, сын былога народнага настаўніка, чыноўніка з сялян, вышэйшая навуковая ўстанова, − паэт, літаратурны крытык” (пераклад тут і далей мой: С. Б.).

Дыяпазон літаратурна-крытычных поглядаў Багдановіча даволі шырокі. Ён ахоплівае прынцыпы літаратуры, эстэтыкі, стылістыкі, мастацкай творчасці. Сярод яго чарнавых накідаў захаваўся нават урывак, у якім гаворыцца пра “імкненне знайсці метад навуковай крытыкі”, якая б ахапіла ўсе “мастацкія факты”, “Усе з’явы формы літаратурнага твора ў самым шырокім сэнсе слова”.