Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 4

Святлана Белая

У Максіма Адамавіча склаліся сяброўскія адносіны з С. С.Каныгіным (па журналісцкаму псеўданіму Сяргеем Канам). Той быў старэйшы за яго. Але не розніца ва ўзросце і сацыяльным паходжанні (Каныгін нарадзіўся ў сялянскай сям’і), не розная адукацыя (не прыйшлося Сяргею Сяргеевічу скончыць ні універсітэтаў, ні ліцэяў) не перашкодзіла іх сяброўству. Відаць, звязвала іх прыродная сціпласць, аднолькавае спачуванне простаму народу і інтэлігенцыі. А яшчэ як дзве тяленавітыя асобы яны цягнуліся адзін да другога. Каныгін таксама спрабаваў свае сілы ў белетрыстыцы. I ў «Голосе» можна часта было сустрэць яго апавяданні.

Максім Багдановіч прыносіў у рэдакцыю не толькі публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, алэ і апавяданні, вершы, фельетоны. Падрыхтоўваў да друку яго празаічныя і паэтычныя творы М. Р. Агурцоў, які загадваў у той час літаратурным аддзелам. Гэта быў вельмі здольны ад прыроды чалавек, настаўнік па адукацыі. Дзякуючы яго ўспамінам аб М. Багдановічы, мы шмат даведаліся аб творчай спадчыне паэта і крытыка.

У рэдакцыі «Голос» працаваў чалавек, знаёмства з якім было вельмі плённым для Максіма Багдановіча. Яно прывяло яго да супрацоўніцтва з штомесячным часопісам экскурсійнай справы «Русский экскурсант» (выдаваўся з 1914 па 1916 гг. пры Яраслаўскай экскурсійнай камісіі).

Багдановіч змясціў у «Русском экскурсанте» чатыры свае творы. I ўсе яны выйшлі, відаць, не без удзелу П. А. Крацкага, які з’яўляўся адным з рэдактараў часопіса і адначасова адказным сакратаром «Голоса».

Крыцкі, настаўнік па адукацыі, быў энтузіястам і апантаным чалавекам. Ён адзін з арганізатараў стварэння гарадской Пушкінскай бібліятэкі, ініцыятар развіцця экскурсійнай справы ў губерні. Акрамя таго, Пётр Андрэевіч напісаў некалькі даведнікаў па гарадах краю, а таксама кнігу «Наш край». Ярославская губерня. Опыт родиноведения», якая і па сённяшні дзень з’яўляецца адной з лепшых па гісторыяграфіі гэтай зямлі.

Словам, амаль усе супрацоўнікі «Голоса» былі адукаванымі людзьмі, мелі прагрэсіўныя погляды. Цёплая, сяброўская атмасфера, што панавала ў рэдакцыі, прыцягвала Максіма Багдановіча. Тут ён часам знаходзіў тое, чаго не хапала яму дома: душэўнасць, шчырасць, адкрытасць, гумар. Знаёмства і сяброўства з журталістамі газеты не магло не мець уплыву на фарміраванне Багдановіча-крытыка.

Максім Адамавіч плённа супрацоўнічаў з «Голосом». Рэдакцыя заказвала яму рэцэнзіі на новыя кнігі, прапаноўвала напісаць матэрыялы на тую або іншую тэму. Верагодна, зрабіць агляд часопіса «Микроскоп» за цэлы год таксама была прапанова газеты.

Гэты невялічкі (ад 4 да 8 старонак) часопіс, які друкаваўся на паковачнай каляровай паперы з дрэнна намаляванымі карыкатурамі, меў на сваёй вокладцы загаловак «Микроскоп». Еженедельный сатирический Ярославский журнал». Насіў ён “шантажны2 характар. Трапнасцю сатыры, дасціпнасцю ён не вызначаўся. Адзначалі яго грубыя выпады супраць грамадскіх дзеячоў, гандлёвых фірм і прадпрыемстваў. Часопіс чапляўся да якіх-небудзь выпадкаў, здарэнняў, адкупіцца ад клінаў яго супрацоўнікаў можна было толькі змясціўшы ў ім абвестку. Пачаўшы выходзіць без аб’яў, ён такім чынам набыў сабе кліентуру. Тая змяшчала ў ім сваю рэкламу і так падтрымлівала «Микроскоп».