Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 5

Святлана Белая

Рэдактар часопіса Семяноўскі не дружалюбна ставіўся да супрацоўнікаў рэдакцыі «Голос». (Відаць, бачачы ў іх сваіх канкурэнтаў). Таму, пачынаючы з першых нумароў свайго выдання, павёў барацьбу супраць газеты. Метады гэтай “вайны” − усё тая ж хлусня і паклёпы. Амаль у кожным нумары часопіса − ад некалькіх слоў аб «Голосе» і яго супрацоўніках да цэлых артыкулаў.

Рэдакцыя «Голоса» доўгі час не звяртала ўвагу на выпады «Микроскопа». Бо той карыстаўся такой дрэннай рэпутацыяй, што на яго не варта было і абражацца. Але нахабства часопіса выйшла за ўсякія межы. I тады ў № 35 ад 12 лютага 1914 г. «Голос» змяшчае памфлет Максіма Багдановіча “Жоўтыя кветкі”, скіраваны супраць «Микроскопа».

Багдановіч уважліва пазнаёміўся з публікацыямі часопіса за цэлы год. I здзівіўся яго беспрынцыпнасці, нічым не прыкрытай прадажнасці. Часопіс быў тыповым прадстаўніком бульварна-сенсацыйнай “жоўтай прэсы”. Ён спекуляваў на крытыцы беручы пад абстрэл розныя камерцыйныя ўстановы, якія не друкавалі ў ім сваіх аб’яў. Для «Микроскопа» быў важны ранг, сацыяльнае становішча яго кліентаў, а не якасць прадукцыі, якую яны выраблялі. На памфлет М. Багдановіча часопіс адгукнуўся трыма артыкуламі: «Расшаркивающиеся лжецы», «Разоблачили», «По поводу «желтых цветов».

...Раніцай Максім купіў часопіс і здзівіўся. Не, ён ведаў, што «Микроскоп» адразу адкажа на “Жоўтыя кветкі” і паспрабуе яго абліць гразёю. У гэтым ён не сумняваўся, бо добра вывучыў хамільённа-прадажнае аблічча часопіса. Але каб тры матэрыялы у адным нумары... Такога ён не чакаў. Пісалі самыя злосныя пер’і часопіса. Відаць, моцна закранула выступленне Багдановіча, калі сам Семяноўскі ўзяўся за аловак. Ён спрабуе адыграцца, піша, што не вельмі закрануты заўвагамі аўтара. Але чаму тады так старанна абсмоктваецца кожны, нават самы нязначны факт? Рэдакцыя спрабуе такім чынам набыць індульгенцыю? Аде не хапіла ў раз’юшаных апанентау ні фактаў, ні таленту для сур’ёзнага абвяржэння.

Семяноўскага вельмі здзіўляе, з якой стараннасцю і ўважлівасцю Багдановіч вывучаў часопіс. “Крок за крокам удумліва і карпатліва збіраў аб часопісе “факты”, − піша рэдактар, − якія павінны былі яго прывесці ў прах. Гэтая ўважлівасць і добрасумленнасць нам несказана падабаецца. (Нават ідэйны праціўнік адзначаў такую рысу Багдановіча, як скрупулёзнасць).

Але ўдарыла маланка! − працягвае Семяноўскі, − нечаканая, не з хмары і мы застаяіся у цэласці.

Добрасумленнасці у п. Багдановіча хапіла толькі на чытанне часопіса, але гэтае не збянтэжыла «Голос» і ён надрукаваў яго артыкул”.