Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 24

Святлана Белая

І як стройная гэтая свечка, такую ж стройную і простую будову мае архітэктура яго артыкула. Стройнасць — гэта ад паэзіі. Багдановіч быў майстрам напісання санетаў, а тыя маюць незвычайна строгую форму верша, дасканальней якой сусветная лірыка нічога не стварыла.

Звычайна крытык будаваў свой артыкул такім чынай. Спачатку расказваў аб агульным уражанні ад кнігі, ці твора, ці пісьменніка, аб агульнай распланіроўцы разглядаемага прадмета, а потым пераходзіў да больш пільнай і падрабязнай ацэнкі кожнай часткі. І якім бы маленькім не быў артыкул або рэцэнзія, будова захоўвалася звычайна нязменнай.

Лёс дараваў Багдановічу на жыццё не самыя лепшыя часы для творчасці. Ён быў яшчэ студэнтам гімназіі, калі першая руская рэвалюцыя пацярпела паражэнне. І самы росквіт яго сіл прыйшоўся на гады панавання рэакцыі, у часы, калі на абшарах краіны “сышліся мільённыя арміі, точуцца бітвы, усё нішчыцца, гаспадарка гібне,няе тысячы, а сотні тысяч людзей павінны кідаць усё сваё ды ісці па нязмераных дарогах далей, а куды — неведама”. У той час, калі ў разгубленасці, няведанні, што рабіць, у нейкай раздвоенасці былі многія пісьменнікі, інтэлігенты, ён помніў абяцанне, якое даў сам сабе: сілы свае ахвяраць роднаму краю. У той час, калі ўнутраныя стрыжні многіх ламаліся, ён прарочыў светлы дзень. I не толькі ў радках верша:

“Беларусь, твой народ дачакаецца Залацістага, яснага дня. Паглядзі, як усход разгараецца, Сколькі ў хмарках залётных агня...”

Амаль у кожным артыкуле, які піша Багдановіч пра Беларусь, яе людзей, гісторыю, гучыць вера ў лепшую будучыню.

Аптымізм і разам з тым годнасць за свой народ адчуваецца і ў артыкуле “За тры гады”, калі ён піша аб нацыянальным пачуцці. “Не звінелі, ды і не могуць зазвінець у расійцаў, напрыклад, яго струны так, як у нашай пісьменнасці. І ясным робіцца праз гэта, што не толькі нашаму народу, але і сусветнай культуры нясе яна свой да”, і ў аглядзе беларускай краснай пісьменнасці 1910 г. “Глыбы і слаі”, дзе ён кажа: “Наша пісьменнасць неразвітая і каравая, але вялікім пачуццём напоўнена ўсё яе цела, не на грашовых справах трымаецца яна і ніколі не пойдзе чысціць боты капіталу” і ў многіх іншых.

Гэты аптымізм заўсёды жыў у ім. Яны, відаць, нарадзіліся разам. Калі б гэта было не так, няўжо змог бы яе, у далечыні ад радзімы, рабіць працу, якую да яго ніхто з беларускіх пісьменнікаў не рабіў. Няўжо ён бы змог вывучыць са слоўнікам беларускую мову так, каб пісаць на ёй санеты, рабіць пераклады з французскай, іспанскай, нямецкай моваў. Але нельга сказаць, што гэты аптымізм, народжаны разам з ім, лёгка яму даўся. Ён быў выпакутаваны, вымучаны, але ён быў. I таму, нават паміраючы, ён бачыў свет такім асляпляльна яркім, святочным і цудоўным: светлая краіна, белы дом, сіняя бухта і апошняе прызнанне.