Читать «Максім Багдановіч — крытык» онлайн - страница 23

Святлана Белая

А творчасць Рабіндраната Тагора такой простай і адкрытай пры ўсёй яе філасофскай значнасці параўноўваў з ігрой на трасняковай жалейцы. Менавіта гэтае параўнанне адкрывае нам таямніцу сімвалізму Тагора, сімвалы вертаў якога “не маюць характару рэбусаў, рашэнне якіх толькі раздражняе чытача, забіраючы ў яго час і ні на драбніцу не паглыбляючы тэмы твораў”. Сімволіка яго простая, як мелодыя жалейкі. Яна рэалістычная, “ахінутая жывой плоццю і кроўю, яна заўсёды мае пэўны рэальны, канкрэтна-жыццёвы сэнс”, — пісаў Багдановіч.

Паэтычнасць душы Багдановіча праяўляецца і ў вобразнасці яго артыкулаў, параўнанні, эпітэта. Характэрны для Багдановіча прыём: большасць яго рэцэнзій пачынаецца з вельмі яркіх вобразаў. І з першых радкоў чытач трапляе пад іх прыгожую ўладу. (Спецыяльна не перакладаю іх на беларускую мову, каб адчуваўся стыль Багдановіча).

«Есть странный цветок, называемый «Шриконская роза». Высушенный, поблёкший, он все же оживает, едва только коснется воды. Такова и книга, отмеченная нами в предыдущих строках: свежестью веет от ее тасячелетних фраз, вновь коснувшихся читательской души». Так пачынае Багдановіч сваю рэцэнзію на раман “Трыстан і Ізольда”. Гэтыя празаічныя радкі па вобразнасці не ўступаюць паэтычным. “Хоць зернейкі засохшым былі, усё ж такі жыццёвая іх сіла збудзілася і буйна ўскаласіла парой вясенняй збожжа на раліі”.

А вось яшчэ адзті пачатак. Артыкул, напісаны ў сувязі з 350-годдзем з дня нараджэння Галілея Галілео.

«Есть головокружительные высоты. Есть головокружительные мысли.

Тот, кто знает их, кто стремится к ним, кто любит их, — неизменно получает название безумца.

Даже если бы его мысли были основаны на несокрушимых математических доказательствах».

Усяго некалькімі радкамі Багдановіч стварае песню Галілею. I яна — светлы гімн, прысвечаны геніяльнаму “вар’яту”, маленькай трагедыі вялікага вучонага.

У Багдановіча-крытыка, як і ў Багдановіча-паэта не простая вобразнасць зместу, а нейкая згушчанасць вобразаў. І таму яго артыкулы набываюць сваю сілу не толькі праз глыбіню думкі, назіранняў, але і праз глыбіню, свежасць вобразаў.

У Багдановіча ёсць такое параўнанне: “Верш Шаўчэнкі паходзіць на асвечаны знутры папяровы кітайскі ліхтар. У яго няма бляску, ззянне яго мяккае і роўнае, але разам з тым бачыш, што ўнутры ён поўны святла, і толькі напаўпразрыстая абалонка не дае гэтаму святлу хлынуць ва ўсе бакі асляпляльным патокам”. Калі можна дапўсціць такое параўнанне, то артыкулы Багдановіча больш падобны на ззянне свечкі. Роўны, прыгожы свет выпраменьваюць яны. І раптам яркі ўсплеск. Прыгожыя яркія вобразы, метафара, эпітэт азарылі адразу ўсё навокал.